Барыс Жаліба: Урад падстрахоўваецца…



Эканаміст Барыс Жаліба патлумачыў, чаму Беларусь зацікавілася пастаўкамі нафты з Казахстана.

Міністр энэргетыкі Казахстана Нурлан Нагаеў распавёў, што краіна пачне пастаўляць нафту і нафтапрадукты ў Беларусь не раней за восень 2021 года.

Днямі бакі дамовіліся аб пастаўцы такіх вуглевадародаў з Казахстана ў Беларусь.

Барыс Жаліба: Хутчэй за ўсё, да Казахстана мы звярнуліся з-за магчымых санкцый. Гэта такія прэвентыўныя меры, бо незразумела, што будзе з еўрапейскімі пастаўкамі. Калі не Еўразвяз, то ЗША могуць накласці другасныя санкцыі. Таму ўрад падстрахоўваецца, шукае альтэрнатыўныя варыянты.

Ва ўладаў, наколькі вядома, і раней было жаданне атрымліваць нафту з Казахстана ў плане дыверсіфікацыі, але для гэтага трэба было выкарыстоўваць трубаправод Расеі. Масква была не ў захапленні ад такой ініцыятывы, бо ёй хацелася быць манапалістам. Але зараз, напэўна, дасягнуты трохбаковыя пагадненні.

РР: А што наконт лагістыкі?

Барыс Жаліба: Лагістыка, безумоўна, не самая лепшая, і яна падвышае кошт казахстанскай нафты, якую Беларусь збіраецца закупляць. Але, калі прыцісне, то будуць ісці на ўсё.

Раней таксама былі пастаўкі азербайджанскай нафты, але яна ішла праз Украіну. Зараз з гэтай краінай стасункі не самыя лепшыя, таму могуць і не дамовіцца. З іншага боку Украіна ад беларускіх нафтапрадуктаў таксама не аўдмаўляецца, таму развіццё падзей можа быць розным.

Беларускае Радыё Рацыя