Барыс Жаліба: Якія саюзнікі – такія і адносіны
Эканаміст пракаментаваў чарговыя эканамічныя “войны” паміж Расеяй і Беларуссю, а таксама спрагназаваў, чым можа скончыцца супрацьстаянне.
Нагадаем, што з 10 кастрычніка тарыфы на транзіт расейскай нафты па магістральных трубаводах праз тэрыторыю Беларусі вырастуць на 50%. Гэтае падвышэнне з’яўляецца адказам Беларусі на адмову Расеі знізіць цэны на газ пасля іх падзення на сусветным рынку, а таксама на абмежаванне паставак нафты ў параўнанні з папярэднімі кварталамі.
У сваю чаргу Масква прыгразіла Беларусі судом за падвышэнне тарыфаў на транзіт нафты. У Федэральнай антыманапольнай службе Расеі назвалі аднабаковае падвышэнне Беларуссю тарыфаў на транзіт расейскай нафты «неймаверным».
«Рашэнне сітуацыі магчыма ў судовай плоскасці», — заявіў начальнік упраўлення кантролю ТЭК ФАС Расеі Дзмітрый Махонін.
Барыс Жаліба: Напачатку правільна паступала Расея, бо нельга было ў аднабаковым парадку зніжаць цану на газ, якія былі зафіксаваны ў суадноснай дамове з “Газпрамам”. Хаця ў беларускага боку таксама ёсць свае аргументы. Маўляў, сусветныя кошты на нафту даўно ўжо нізкія і заходнееўрапейскія спажыўцы плацяць Расеі менш. Але ў такім выпадку трэба было весці цывілізаваныя перамовы. І ў пэўны момант Масква пайшла насустрач, але пры ўмове, што Беларусь павінна пагасіць газавую запазычанасць. А зараз склалася такая сітуацыя, што ўсё гэта (запазынасць) пераўтварылася ў даволі буйную суму – каля 400 мільёнаў даляраў. І аддаць яе адразу для афіцыйнага Менска даволі складана. Трэба задзейнічаць золатавалютныя рэзервы, а яны і так не вельмі вялікія. Калі зменшым рэзервы, то не атрымаем чарговы транш ад таго ж Еўразійскага банка. Вось і атрымаўся тупік у перамовах. Беларусь не можа аддаць запазычанасць, а расейцы не могуць даць зніжку на газ. Бо калі зробяць гэта, то сітуацыя стане прэцэндэнтам і для іншых спажыўцоў газа з СНД.
РР: З 10 кастрычніка тарыфы на транзіт расейскай нафты па магістральных трубаправодах праз тэрыторыю Беларусі вырастуць на 50%. Годны “адказ Чэмберлену”?
Барыс Жаліба: Гэта, безумоўна, палітычны ход, таму што такое падвышэнне таксама павінна адбывацца пасля двухбаковых кансультацый. Гэта свайго роду палітычнае папярэджанне – маўляў, зараз мы падвысілі тарыфы на транзіт расейскай нафты, а заўтра справа можа дайсці і да несанкцыянаванага адбору нафты, калі знізяцца пастаўкі “чорнага золата” на беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы. Таму атрымліваецца – вока за вока, і сітуацыя абвастраецца. Не бачна, каб пакуль бакі знайшлі нейкі кампраміс.
РР: Чаму не спыняюцца эканамічныя войны паміж саюзнікамі?
Барыс Жаліба: Якія саюзнікі – такія і адносіны. Відавочна, што гэты саюз будуецца не на шчырых памкненнях кіраўнікоў дзвюх краін. Кожны шукае сваю выгоду. Беларусь шукае ў першую чаргу эканамічную выгоду, а Расея – палітычную. Вось тут і ёсць сутыкненне інтарэсаў, якія пакуль не могуць пераадолець, улічваючы, што і ў Расеі, і ў Беларусі аўтарытарныя рэжымы.
РР: Чым можа закончыцца гэты чарговы канфлікт?
Барыс Жаліба: Думаю, што пэўны кампраміс будзе знойдзены. Расеі ўшчэнт “завальваць” эканоміку бліжэйшага саюзніка не трэба, бо гэта будзе вялікі палітычны рэзананс. На мой погляд, Масква можа пагадзіцца, каб беларускі бок аддаваў даўгі ў растэрміноўку, а затым, магчыма, крыху знізіцца і цана на газ.
Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота news.vitebsk.cc