Базавая стаўка з 1 верасня вырасце
з 1 верасня 2023 года ўстаноўлены новы памер базавай стаўкі — велічыні, ад якой разлічваецца зарплата бюджэтнікаў. Гэта зроблена пастановай Саўміна ад 18 жніўня.
З 1 верасня будзе дзейнічаць базавая стаўка для аплаты працы работнікаў бюджэтных і прыраўнаваных да іх арганізацый у памеры 235 рублёў.
Улічваючы, што цяпер базавая стаўка складае 228 рублёў (такі памер устаноўлены з 1 студзеня 2023 года), то яна павялічыцца на сем рублёў.
Базавая стаўка з’яўляецца асновай для разліку заробку бюджэтнікаў. Яна была ўведзеная ў нашай краіне з 2020 года замест тарыфнай стаўкі першага разраду.
Мабільныя аператары анансавалі чарговыя змены для сваіх кліентаў
Аператар А1 паведаміў, што з 15 жніўня запусціў новыя тарыфныя планы — лінейку “Драйв”. Да прыкладу, тарыф “Драйв анлім” з безлімітным інтэрнэтам абыдзецца ў 27 рублёў за месяц. Для турыстаў, якія прыедуць у Беларусь, А1 запусціў тарыфны план “Драйв турыст” — з безлімітным доступам у мабільны інтэрнэт і 700 хвілінамі на выклікі ў сетцы ўсіх беларускіх аператараў. Цэннік — 35 рублёў за месяц.
Аператар life:) з 29 жніўня перастане аказваць некаторыя паслугі. Для кліентаў стануць недаступныя асобныя пакеты хвілін на тэлефонныя размовы (да прыкладу, паслуга “5 хвілін на ўсе сеткі на суткі”), а таксама інтэрнэт-пакеты (да прыкладу, “Безліміт ГБ за 34,9 рубля”). Кампанія life:) папярэджвае, што гэтыя паслугу будуць адключаныя ўсім абанентам, нявыкарыстаныя хвіліны і гігабайты будуць даступныя яшчэ 30 дзён.
Колькі ў Беларусі даляравых мільянераў?
Аналітыкі швейцарскага банка UBS кожны год публікуюць спецыялізаваную справаздачу, дзе ацэньваецца дабрабыт жыхароў розных краін. Ёсць у ім і дадзеныя, якія датычацца Беларусі, піша nv-online.info.
Адзначаецца, што сумарны дабрабыт беларускіх хатніх гаспадарак складае 255 мільярдаў даляраў, за год прырост склаў 46 мільярдаў. На аднаго дарослага беларуса, паводле гэтых падлікаў, прыпадае без малога 35 тысяч даляраў. Аднак гэта толькі сярэдні статыстычны паказчык, бо багацце размяркоўваецца нераўнамерна. Так, паводле ацэнак аналітыкаў, багацце 37,7% дарослых беларусаў не перавышае адзнакі ў 10 тысяч даляраў. Багацце 56% беларусаў знаходзіцца ў дыяпазоне ад 10 да 100 тысяч даляраў. І 5,5 працэнтаў беларусаў маюць багацце ад 100 тысяч да 1 мільёна даляраў. Што тычыцца даляравых мільянераў, то іх колькасць у даследаванні ацэньваецца на ўзроўні 0,1%, гэта значыць 7 тысяч 300 чалавек.
Беларускае Радыё Рацыя