БЧ плануе адправіць першы кантэйнерны цягнік у Румынію
БЧ у першай дэкадзе сакавіка плануе адправіць першы кантэйнерны цягнік у Румынію, паведаміла прэс-служба Беларускай чыгункі.
Дзяржаўнае прадпрыемства „Белінтэртранс — транспартна-лагістычны цэнтр” (БТЛЦ) Беларускай чыгункі арганізуе новы праект — рэгулярны кантэйнерны цягнік Беларусь — Румынія. Партнёрамі БТЛЦ выступаюць Rail Cargo Logistics d.o.o. (Славенія) і „Захід Транс Сэрвіс” (Украіна).
Новы кантэйнерны цягнік з экспартнай прадукцыяй прадпрыемстваў лясной галіны плануецца адправіць са станцыі Ганцавічы. У склад цягніка будуць уключаныя 124 кантэйнеры, якія размесцяцца на 31 спецыялізаванай фітынгавай платформе па 4 кантэйнеры на кожнай. Для перавозкі прадукцыі выкарыстоўваюцца кантэйнеры павышанай ёмістасці.
Хуткасць дастаўкі грузу — 39 гадзін, планаваны аб’ём на 2019 год — 120 тыс. тон.
„Для Беларускай чыгункі адным са стратэгічных напрамкаў з’яўляецца развіццё экспартна-імпартных перавозак грузаў беларускіх прадпрыемстваў. У 2019 годзе ў планах чыгункі — рэалізацыя новых праектаў па экспарце прадукцыі айчынных прадпрыемстваў”, — адзначыла прэс-служба.
Так, у межах развіцця калідора „Поўнач — Поўдзень” БЧ сумесна з ААТ „РЖД” і ЗАТ „Азербайджанскія чыгункі” прапрацоўваецца пытанне аб арганізацыі новага праекта — курсіраванне кантэйнернага цягніка з Менска ў Баку. Гэта дазволіць за тыдзень дастаўляць грузы, што вырабляюцца ў Беларусі, у Азербайджан.