БЧ прапанавала павысіць тарыфы на перавозкі



Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю (МАРГ) разглядае прапанову Беларускай чыгункі пра павышэнне тарыфаў на ўнутранныя пасажырскія перавозкі, паведаміў журналістам 29 снежня ў Менску намеснік начальніка пасажырскай службы чыгункі Андрэй Кашко, адказваючы на пытанне БелаПАН аб тарыфнай палітыцы на 2017 г.

БЧ Кашко нагадаў, што тарыфы на ўнутрырэспубліканскія пасажырскія перавозкі не мяняліся з 25 снежня 2015 года. „Ідуць розныя абмеркаванні, у тым ліку дыферэнцыяваных тарыфных планаў, якія актыўна прымяняюцца на міжнародных перавозках. Магчыма, мы іх паспрабуем укараніць пасля абмеркавання. Але МАРГ вызначае i зацвярджае тарыфы. Яны ставяць усе процівагі, ацэньваюць эканамічную сітуацыю, і яны вызначаюць тарыфную палітыку”, — заўважыў прадстаўнік Беларускай чыгункі.

Паводле яго слоў, чыгунка свае прапановы пра павышэнне тарыфаў накіроўвала сёлета неаднаразова: „Прапановы аб росце тарыфаў мы адпраўлялі ў 2016 годзе не адзін раз. Але што гэта змяніла? Тое, што не павысілі, магчыма, і да лепшага ў сённяшняй эканамічнай сітуацыі. Пакуль не магу па гэтым пытанні пракаментаваць”.

Наконт тарыфаў на міжнародныя перавозкі Кашко паведаміў, што „сітуацыя больш кантраляваная з боку Беларускай чыгункі”. З усімі чыгуначнымі адміністрацыямі ў 2017 годзе захаваныя тарыфы ў швейцарскіх франках на ўзроўні 2016 года. „Пашырылі палігон распаўсюджвання маркетынгавых элементаў і будзем далей працаваць над зніжэннем тарыфнай нагрузкі. Але ні БЧ, ні РЖД не могуць глабальна паўплываць на тарыфны складнік. Трэба злучэнне інтарэсаў, прыняцце пэўнага рашэння. Тады можна зніжаць тарыфы, робячы іх яшчэ больш канкурэнтнымі”, — растлумачыў Кашко. Ён падкрэсліў, што перамовы аб зніжэнні тарыфаў праходзяць увесь час, і „ў наступным годзе нас чакаюць добрыя ідэі з гэтай нагоды і нейкія рашэнні”.

Пра планы на 2017 год намеснік начальніка службы паведаміў, што развіццё маршрутнай сеткі будзе працягвацца, але гэта залежыць ад колькасці і якасці рухомага саставу. „Графік руху і развіццё сеткі падпарадкаваныя патрэбам, якія сёння з’яўляюцца. Мы разглядаем далейшае пашырэнне сучасных фарматаў перавозак, замену дзённых цягнікоў на вагоннаматорны рухомы састаў. У планах ёсць пэўныя задумкі”, — сказаў Кашко.