БелАЭС правяраюць на гатовасць да завозу ядзернага паліва
«Дзяржатамнагляд» распачаў праверку Беларускай АЭС на гатовасць да завозу ядзернага паліва, перадае Белсат са спасылкай на Дэпартамент па ядзернай і радыяцыйнай бяспецы Міністэрства па надзвычайных сітуацыях.
Комплекс захадаў ладзіць адмыслова створаная група «Дзяржатамнагляду». Падчас праверкі адмыслоўцы разгледзяць адпаведнасць тэхнічных рашэнняў патрабаванням нарматыўных актаў. Працоўная група вызначыць, наколькі АЭС падрыхтавана да забеспячэння ядзернай і радыяцыйная бяспекі, а таксама ці гатовая электрастанцыя для абыходжання з ядзерным палівам. Правяранне можа весціся на працягу 30 дзён.
Увод першага энергаблока БелАЭС запланаваны ў 2020 годзе, другога – у 2021. Беларуская АЭС будуецца паводле расейскага праекту паблізу Астраўца. Гэта выклікала крытыку з боку кіраўніцтва краінаў Балтыі. Галоўным крытыкам БелАЭС з’яўляецца Літва. Яе ўлады настойваюць на тым, што абʼект будуецца з парушэннямі патрабаванняў бяспекі. Менск адкідае гэтыя абвінавачванні.
Беларускае Радыё Рацыя