„Белаграпрамбанк” пачаў выдачу крэдытаў за кошт сродкаў Сусветнага банка



„Белаграпрамбанк” пачаў выдачу крэдытаў суб’ектам малога і сярэдняга прадпрымальніцтва за кошт рэсурсаў Сусветнага банка, гаворыцца ў паведамленні дзяржбанка.

Сума крэдыту можа складаць да 2,5 млн еўра або долараў. Рэсурсы выдзяляюцца на тэрмін да 10 гадоў.

У пералік магчымых крэдытаатрымальнікаў Дзяржбанк уключыў малыя і сярэднія прадпрыемствы, аб’ём выручкі якіх за год не перавышае 25 млн беларускіх рублёў.

Нагадаем, доўгатэрміновыя рэсурсы Сусветнага банка раней прыцягнуў Банк развіцця, які праз камерцыйныя банкі накіроўвае сродкі на фінансаванне малога і сярэдняга бізнесу.

Варта адзначыць, што ў апошні час фінансаванне на развіццё малога і сярэдняга бізнесу Беларусі рэгулярна выдзяляюць і іншыя міжнародныя фінансавыя арганізацыі, а менавіта Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця, а таксама Еўрапейскі інвестыцыйны банк.

Так, Еўрапейскі інвестыцыйны банк 14 лютага пералічыў „Белаграпрамбанку” крэдыт у 50 млн еўра на фінансаванне малога і сярэдняга бізнесу. За кошт гэтых рэсурсаў прадпрыемствы з колькасцю работнікаў да 250 чалавек і з доляй ўдзелу дзяржавы ў статутным фондзе прадпрыемства не больш за 25% могуць атрымаць доўгатэрміновыя крэдыты (на тэрмін да шасці гадоў).

У сваю чаргу, Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця выдзяляе камерцыйным банкам Беларусі рэсурсы на фінансаванне малога і сярэдняга бізнесу, прычым сродкі ўжо выдаюцца не толькі ў замежнай валюце, але і ў рублях.

Так, у маі мінулага года ЕБРР выдзеліў „МТБанку” і „БНБ-Банку” 20 млн рублёў на фінансаванне малых і сярэдніх прадпрыемстваў Беларусі, а ў лютым 2019-га — яшчэ 10 млн рублёў.

Акрамя таго, прадстаўнікі Еўрапейскага звяза і групы Сусветнага банка заявілі ў лютым гэтага года, што пачынаюць у Беларусі рэалізацыю двух праектаў на 8,8 млн еўра, накіраваных на паляпшэнне ўмоў для вядзення бізнесу і садзейнічанне развіццю прадпрымальніцкай дзейнасці.

Як паведамлялася раней, міжнародныя фінансавыя арганізацыі рэкамендуюць беларускім уладам актыўна развіваць прадпрымальніцтва з мэтай павышэння эфектыўнасці эканомікі.

belapan.by