„Белаграпрамбанк” падпісаў пагадненне з нямецкім KfW IPEX-Bank



Базавае пагадненне аб выдзяленні крэдытаў паміж ААТ „Белаграпрамбанк” і KfW IPEX-Bank (Германія) падпісана 17 лістапада ў рамках 27-га Еўрапейскага банкаўскага кангрэса ў Франкфурце-на-Майне.

Як паведамляе прэс-служба „Белаграпрамбанка”, заключэнне пагаднення адкрывае новы якасны этап ва ўсталяванні стратэгічнага партнёрства і развіцці эфектыўнага супрацоўніцтва паміж двума фінансавымі інстытутамі. Досвед працы KfW IPEX-Bank і актыўная ўцягнутасць банка ў арганізацыю фінансавання значных як па сумах (ад 50 млн еўра), так і па маштабах уплыву на развіццё эканомікі краіны інфраструктурных праектаў дазволяць пашырыць магчымасці кліентаў ААТ „Белаграпрамбанк” пры ажыццяўленні іх знешнеэканамічнай дзейнасці.

У „Белаграпрамбанку” таксама звяртаюць увагу, што ён першым з беларускіх банкаў заключыў такое пагадненне з KfW IPEX-Bank.

KfW IPEX-Bank займаецца міжнародным праектным і экспартным фінансаваннем у рамках KfW Group. Функцыя банка па выдзяленні фінансавання для стымулявання нямецкай і еўрапейскай эканомік была прызначаная на падставе юрыдычнага мандата, выдадзенага KfW. Банк выдзяляе доўгатэрміновае і сярэднетэрміновае фінансаванне для падтрымкі ключавых экспартных галін, развіцця эканамічнай і сацыяльнай інфраструктуры і рэалізацыі праектаў экалагічнай скіраванасці і па абароне навакольнага асяроддзя. Банк прадстаўлены ў асноўных эканамічных і фінансавых цэнтрах па ўсім свеце. Вядучымі рэйтынгавымі агенцтвамі Standard&Poor`s і Moody`s банку прысвоены крэдытныя рэйтынгі на ўзроўні „АА +” і „А2” адпаведна.

„Белаграпрамбанк” з’яўляецца другім па велічыні актываў, капіталу, аб’ёме рознічных дэпазітаў і карпаратыўных крэдытаў банкам Беларусі. У банка каля 1,7 млн рознічных і каля 40 тыс. карпаратыўных кліентаў. Ажыццяўляе сваю дзейнасць з 1991 года.

belapan.com