Беларусь абагнала Украіну па росце спажывецкіх цэн
Беларусь заняла чацвёртае месца на тэрыторыі былога СССР па росце спажывецкіх цэн у студзені—ліпені 2019 года, сведчыць праведзены БелаПАН аналіз дадзеных нацыянальных органаў статыстыкі (у студзені—чэрвені і студзені—траўні — шостае месца, у студзені—красавіку — пятае, у студзені—сакавіку — другое).
З пачатку года цэны ў краіне павялічыліся на 3,1%. Вышэйшай інфляцыя была ва Узбекістане (5,2%), у Таджыкістане (4,9%) і Малдове (4%). Ніжэйшай, чым у Беларусі, яна была ва Украіне (3%), у Казахстане (2,8%), Расеі (2,7%), Грузіі (2,3%), Латвіі (2,1%), Эстоніі (1,9%), Літве (1,8%), Азербайджане (0,9%) і Кыргызстане (0,3%). У Арменіі адзначана дэфляцыя (1,8%). Па Туркменістане дадзеныя не апублікаваныя. За ліпень Беларусь па інфляцыі абагнала Украіну і Латвію.
У ліпені цэны ў Беларусі павялічыліся на 0,2% — другі паказчык нароўні з Казахстанам і Расеяй. Лідарам стаў Таджыкістан (0,9%). У Азербайджане інфляцыя склала 0,1%, у Грузіі цэны не змяніліся, у Кыргызстане і Эстоніі — знізіліся на 0,1%, Малдове — на 0,2%, Літве — на 0,3%, ва Узбекістане — на 0,4%, Украіне — на 0,6%, у Латвіі — на 1%, Арменіі — на 1,9%.
У самаабвешчаным Прыднястроўі, якое мае ўласную фінансавую сістэму, цэны павялічыліся за сем месяцаў 2019 года на 2,69% (за ліпень — знізіліся на 0,26%).