Беларусь абмежавала пастаўкі некаторых расейскіх прадуктаў
Галоўны санітарны лекар Беларусі Ігар Гаеўскі прыпыніў абарачэнне на тэрыторыі Беларусі шэрагу прадуктаў харчавання з Расеі і Літвы. Інфармацыя пра гэта размешчаная на сайце санітарна-эпідэміялагічнай службы Менска, паведамляе tut.by.
Сярод забароненых прадуктаў – макароны хуткага прыгатавання ды “Біг Ланч” вытворчасці расейскай кампаніі “БіяФуд”. Прычына — неадпаведнасць гэтых прадуктаў беларускім санітарна-эпідэміялагічным нормам і тэхнічнаму рэгламенту Мытнага саюзу паводле мікра-біялагічных паказнікаў.
Пастановай прыпыненае таксама абарачэнне ў Беларусі натуральнай молатай кавы “Мока” ад расейскай кампаніі “Пауліг Рус”. Прычынай стала ўтрыманне ў прадукце афла-таксіну В1.
Раней пастановай Гаеўскага быў прыпынены транзіт віннага газаванага напою вытворчасці літоўскай кампаніі, а таксама вываз гэтай прадукцыі з тэрыторыі Беларусі на тэрыторыю Расеі.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота kate-goria.livejournal.com