Беларусь абмяркоўвае з Казахстанам пастаўкі нафты
Беларускі бок рыхтуе дакументы для імпарту нафты з Казахстана і разглядае розныя варыянты яе дастаўкі, паведаміў 17 верасня журналістам намеснік старшыні канцэрна «Белнафтахім» Уладзімір Сізоў у кулуарах Беларускага прамыслова-інвестыцыйнага форуму.
«Цяпер вядзецца падрыхтоўка міжурадавага пагаднення, якое будзе рэгуляваць пытанне, звязанае з дастаўкай сыравіны з Казахстана на беларускія НПЗ», – сказаў Сізоў.
Ён удакладніў, што беларускі бок «разумее магчымыя маршруты дастаўкі казахстанскай нафты». «Дастаўка казахстанскай нафты магчымая з дапамогай выкарыстання магістральных нафтаправодаў, а таксама чыгункі. У нас ужо быў вопыт выкарыстання чыгункі для дастаўкі казахстанскай сыравіны і загрузкі другасных працэсаў НПЗ», – адзначыў Сізоў. Акрамя гэтага, дадаў ён, у пачатку 2000-х «быў вопыт дастаўкі казахстанскай нафты для загрузкі беларускіх НПЗ».
«Аб’ёмы дастаўкі казахстанскай нафты залежаць ад дамоўленасцяў субʼектаў гаспадарання і эканамічнай мэтазгоднасці», – падкрэсліў Сізоў.
Пасол Казахстана ў Беларусі Аскар Бейсенбаеў 16 верасня на прэс-канферэнцыі паведаміў, што да візіту Аляксандра Лукашэнкі ў Нур-Султан, які плануецца ў кастрычніку, можа быць падпісана пагадненне аб пастаўках нафты з Казахстана.
Увесну гэтага года намеснік генеральнага дырэктара Беларускай нафтавай кампаніі Сяргей Грыб, адказваючы на пытанні БелаПАН, заявіў, што Беларусь сёлета разлічвае пачаць закупляць не расейскую нафту. «На сусветным рынку 18 гатункаў нафты, якія могуць перапрацоўваць беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы», – адзначыў Грыб.
Пры гэтым ён удакладніў, што мэтазгоднасць паставак альтэрнатыўнай (не расейскай) нафты будзе залежаць ад цаны сыравіны, лагістыкі і ў канчатковым выніку ад эфектыўнасці нафтаперапрацоўкі.
Нагадаем, у красавіку Беларусь, якая пакуль закупляе толькі расейскую нафту, сутыкнулася з рэзкім пагаршэннем якасці імпартаванай вуглевадароднай сыравіны. Пасля гэтага беларускі бок вымушаны быў на некаторы час прыпыніць імпарт расейскай нафты і скараціць экспарт нафтапрадуктаў. На гэты час імпарт расейскай нафты ў Беларусь адноўлены.