Беларусь абмяркуе з Польшчай інфраструктуру экспарту электрычнасці
Беларусь мае намер абмеркаваць з Польшчай пытанне аб будаўніцтве інфраструктуры, якая звяжа энергасістэмы дзвюх краін і дасць магчымасць экспартаваць электраэнергію, у тым ліку генераваную на Беларускай АЭС, заявіў на прэс-канферэнцыі 21 снежня ў Менску міністр энергетыкі Віктар Каранкевіч.
„АЭС будуецца для задавальнення патрэбаў краіны ў першую чаргу, — нагадаў чыноўнік. — Але калі будуць такія магчымасці [экспарту], то мы кажам, што ў нас ёсць лінія электраперадачы і адпаведныя сувязі і з Украінай, і з Прыбалтыкай, і з Расейскай Федэрацыяй. Мы пакуль разглядаем вось гэтыя ўсе напрамкі. Ну а з Польшчай… У нас ёсць лінія 110 кВ. Прынамсі, магчымасць рэанімавання лініі ёсць, пры зацікаўленасці польскага боку мы гатовыя ў любы момант разгледзець любыя варыянты — альбо рэканструкцыю гэтай лініі, альбо будаўніцтва новай”.
„Аднак ва ўсім павінна быць эканоміка. Па грошах усё залежыць ад таго, якія аб`ёмы мяркуецца пастаўляць, якая магутнасць або напружанне ў лініі электраперадачы павінны быць. Усё залежыць ад таго, які будзе склад абсталявання і якія будуць лініі напружання”, — дадаў ён.
Генеральны дырэктар дзяржаўнага вытворчага аб`яднання „Белэнерга” Павел Дрозд адзначыў, што ацэнка кошту будаўніцтва электраэнергетычнай інфраструктуры для забеспячэння сувязі Берасцейскай энергасістэмы з энергасістэмай Польшчы ўжо рабілася.
Так, паводле яго слоў, будаўніцтва ўстаўкі пастаяннага току будзе каштаваць 60 млн долараў. (Устаўкай пастаяннага току называюць пераўтваральную падстанцыю, якая прызначаная для трансфармацыі пераменнага току ў пастаянны, а затым пастаяннага — у пераменны ток зыходнай ці іншай частаты.)
„Гэты варыянт мы сумесна з палякамі, іншымі кампаніямі будзем прапрацоўваць, таму што гэта сёння будзе выгадна для беларускай энергасістэмы. Крыніцы інвестыцый мы будзем разглядаць, калі падыдзем да рэалізацыі праекта. Сёння, магчыма, гэта будуць уласныя крыніцы беларускай энергасістэмы”, — заявіў Дрозд.
Беларуская АЭС узводзіцца пад Астраўцом (Гарадзенскай вобласць) за кошт крэдыту Расеі паводле тыпавога расейскага праекта ВВЭР-1200. Крэдытная лінія да 10 млрд даляраў на будаўніцтва станцыі адкрытая да 2035 года. Пастаўка ядзернага паліва на БелАЭС чакаецца ў пачатку 2019 года. Увод у эксплуатацыю першага энергаблока запланаваны на снежань 2019 года, другога — на ліпень 2020-га. Мяркуецца, што атамная станцыя будзе выпрацоўваць 18 млрд кВт•ч электраэнергіі штогод.
belapan.by