Беларусь абмяжоўвае ўвоз свініны з Маскоўскай вобласці Расеі і Румыніі



Беларусь часова абмяжоўвае ўвоз свініны з Маскоўскай вобласці Расеі і Румыніі з-за афрыканскай чумы свіней (АЧС). Такая інфармацыя размешчана на сайце Дэпартамента ветэрынарнага і харчовага нагляду Мінсельгасхарча.

Паводле інфармацыі Рассельгаснагляду, на тэрыторыі Маскоўскай вобласці Расеі зарэгістраваны новы выпадак захворвання ўспрымальных відаў жывёл на афрыканскую чуму свіней. Як паведамляе Міжнароднае эпізаатычнае бюро, на тэрыторыі Румыніі таксама зарэгістраваны выпадак захворвання жывёл на АЧС.

У сувязі з гэтым уводзяцца часовыя абмежаванні на ўвоз на тэрыторыю Беларусі з гэтых рэгіёнаў жывых свіней, свініны і прадуктаў яе перапрацоўкі, гарбарнай, рогакапытнай і кішачнай сыравіны, шчаціння, мяса дзікоў, паляўнічых трафеяў, атрыманых ад успрымальных відаў жывёл, і іншай прадукцыі.

У дэпартаменце Мінсельгасхарча інфармуюць аб неабходнасці прыняць дадатковыя меры кантролю па забеспячэнні біялагічнай аховы буйных свінагадоўчых комплексаў, свінагадоўчых ферм і гаспадарак усіх форм уласнасці.

belta.by