Беларусь абрастае пазыкамі
Эканаміст Леў Марголін распавядае пра тое, ці будуць павялічвацца знешнія даўгі Беларусі, і хто іх будзе аддаваць.
Па звестках Мінфіна Беларусі, знешні дзяржаўны доўг краіны на 1 траўня 2015 года дасягнуў 12,7 млрд. даляраў. У красавіку ён павялічыўся амаль на 0,4 млрд. USD у параўнанні з сакавіком, а з пачатку года вырас на 107,2 млн. даляраў, альбо на 0,9% (з улікам курсавых розніцаў).
Леў Марголін: Знешнія даўгі Беларусі растуць, як снежны ком. Эканоміка ў нас такая, што без гэтай допінгавай крэдытнай іголкі ўжо не можам, няма дзеяздольнасці.
РР: Знешні дзяржаўны доўг краіны дасягнуў 12,7 млрд. даляраў. Наколькі крытычная гэтая лічба?
Леў Марголін: Калі лічыць толькі дзяржаўны доўг, то не крытычная. Але, калі браць сукупныя замежныя даўгі краіны, то яны перасягнулі 60 адсоткаў УВП, і гэта ўжо даволі небяспечная лічба. Увогуле, статыстыка дае хібы. Бо існуюць не толькі дзяржаўныя даўгі, але і даўгі прадпрыемстваў, якія гарантаваныя дзяржавай. Досвед паказвае, што, напрыклад, калі ў мінулым годзе беларускія цэментныя заводы не змаглі аддаць крэдыты, то за іх гэта зрабіла дзяржава.
РР: Але чыноўнікі кажуць так: “Знешнія пазыкі – звычайная практыка ва ўсім свеце, і Беларусь тут не выключэнне”.
Леў Марголін: Так, звычайная практыка. Калі эканоміка працуе, то можна браць даўгі і на ўнутраным рынку, і на знешнім. Праўда, ёсць пры гэтым адна вельмі жорсткая ўмова. Кожны крэдыт павінен абарачвацца прыростам вытворчасці і павелічэннем прыбыткаў. І тады крэдыты лёгка аддаваць, і тады гэта – нармальная з’ява.
РР: Ці можа сёння Беларусь выйсці на тое, каб паступова змяншаць свой знешні доўг?
Леў Марголін: Толькі ў выпадку, калі эканоміка будзе рэфармавана. Калі прадпрыемствы не будуць працаваць на склад, а іх прадукцыя будзе проста разлятацца ў момант сярод пакупнікоў. Калі будзе такі попыт, калі будзе чарга на беларускую прадукцыю, тады ўсё наладзіцца.
РР: Хто будзе аддаваць пазыкі, якія краіна ўсё больш і больш набірае? Ці крэдыты будуць браць бясконца?
Леў Марголін: Будуць браць да таго часу, пакуль будуць даваць. У нас жа распаўсюджана такая з’ява, каб браць адны даўгі, каб расплаціцца са старымі. Але ў канчатковым выпадку аддаваць гэтыя грошы давядзецца нашым дзецям, а можа і нашым унукам.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя