Беларусь аднаўляе аб’ём паставак цэменту на экспарт



Беларусь аднаўляе аб’ём паставак цэменту на экспарт. Аб гэтым паведаміў 5 жніўня ў эфіры тэлеканала СТБ міністр архітэктуры і будаўніцтва Анатоль Чорны.

Праблемы з няхваткай цэменту на ўнутраным рынку ў траўні-чэрвені былі выкліканы тым, што ўвесь яго аб’ём быў практычна раскуплены, адзначыў міністр. Імпарцёры пачалі завышаць цану на ўнутраным рынку, і рос спажывецкі попыт на тавар беларускай вытворчасці, кошт якога не мяняўся. Беларускія прадпрыемствы былі вымушаны знізіць аб’ём паставак цэменту на экспарт на 100 тыс.т, каб закрыць патрэбнасці ўнутранага рынку. „Цяпер мы пачынаем аднаўляць пастаўкі на экспарт. Пытанне вырашана”, – сказаў ён.

Пры гэтым Анатоль Чорны дадаў, што магутнасці беларускіх прадпрыемстваў дастатковыя для забеспячэння спажывання ўнутранага рынку ў двайным аб’ёме.

Гаворачы аб выніках паўгоддзя, ён адзначыў, што аб’ём прамысловай вытворчасці вырас на 5,8 працэнта, а экспарт прадукцыі складае 60 працэнтаў аб’ёму вытворчасці.

belta.by