Беларусь аднесеная да краін з найбольш складаным бухулікам
Бухгалтарскі ўлік у Беларусі з’яўляецца вельмі складаным — да такой высновы прыйшла галандская кампанія TMF Group. Эксперты кампаніі прааналізавалі складанасць бухгалтарскага ўліку і падатковай справаздачнасці ў 94 краінах свету.
TMF Group спецыялізуецца на прадастаўленні бухгалтарскіх і падатковых паслуг і мае сваіх прадстаўнікоў больш чым у 80 краінах. На падставе апытання штатных экспертаў кампанія падрыхтавала адмысловую справаздачу Financial Complexity Index 2017, якая адлюстроўвае складанасць выканання патрабаванняў у сферы бухгалтарскага ўліку і падатковай справаздачнасці ў розных краінах свету.
Для падрыхтоўкі даследавання экспертам у сферы бухгалтарскага ўліку і падатковай справаздачнасці задавалася 70 пытанняў. Краіны з найбольш складанымі патрабаваннямі да бухуліку і падатковай справаздачнасці размяшчаюцца ў рэйтынгу ўверсе. Беларусь заняла ў ім 16-е месца з 94 — гэта значыць, яна аднесеная да краін з найбольш складанымі патрабаваннямі да бухуліку.
Самая складаная ў свеце сістэма бухгалтарскага ўліку, на думку экспертаў, існуе ў Турцыі, а найбольш лёгкай сістэмай характарызуюцца такія афшорныя юрысдыкцыі, як Кайманавы астравы і Віргінскія астравы.
Варта зазначыць, што ў 2016 годзе Міжнародны валютны фонд рэкамендаваў беларускім уладам ўстанавіць стандарты бухуліку, якія б узгадняліся з Міжнароднымі стандартамі фінансавай справаздачнасці (МСФС). МВФ прапанаваў унесці адпаведныя папраўкі ў беларускі закон „Аб бухгалтарскім уліку і справаздачнасці”.
Акрамя гэтага, МВФ рэкамендаваў беларускім уладам у 2017 годзе стварыць незалежны орган, які будзе ўпаўнаважаны займацца ўкараненнем у краіне стандартаў бухгалтарскага ўліку згодна з МСФС. Валютны фонд таксама прапанаваў распаўсюдзіць на ўсе дзяржпрадпрыемствы абавязак падрыхтоўкі фінансавай справаздачнасці па міжнародных стандартах.
У жніўні 2016 года ўрад і Нацыянальны банк Беларусі прынялі сумесную пастанову, згодна з якой з 1 студзеня 2017 года ў Беларусі ўводзяцца міжнародныя стандарты фінансавай справаздачнасці ў якасці тэхнічных нарматыўна-прававых актаў.
Як адзначалі прадстаўнікі рынку аўдытарскіх паслуг, афіцыйнае ўвядзенне ў Беларусі міжнародных стандартаў фінансавай справаздачнасці з 2017 года не азначае, што нацыянальныя стандарты бухгалтарскага ўліку перастаюць дзейнічаць. „Уведзеныя ў якасці тэхнічных нарматыўных актаў міжнародныя стандарты не замяняюць сабой заканадаўства аб бухгалтарскім уліку. Паколькі такое заканадаўства не адмяняецца, то ўсе суб’екты, якія падпадаюць пад дзеянне закона „Аб бухгалтарскім уліку і справаздачнасці”, абавязаны працягваць весці бухгалтэрыю па нацыянальных стандартах”, — адзначала у каментары да прынятага ўрадам рашэння аўдытарская кампанія „Бэйкер Цілі Бел”.
У той жа час, удакладнялі эксперты, паводле беларускага заканадаўства грамадска значныя арганізацыі, а таксама банкі павінны рыхтаваць справаздачнасць у адпаведнасці з МСФС. „Менавіта для гэтых суб’ектаў будуць абавязковыя для прымянення МСФС, што ўводзяцца з 2017 года, у якасці тэхнічных нарматыўна-прававых актаў. Астатнім арганізацыям неабходна будзе кіравацца імі толькі ў выпадку, калі ў іх узнікне па нейкіх прычынах неабходнасць у складанні справаздачнасці па МСФС”, — тлумачылі спецыялісты аўдытарскай кампаніі.
БелаПАН