Беларусь амаль удвая знізіла экспарт бульбы ў Расею



У першым паўгоддзі Беларусь экспартавала 77,6 тыс. тон бульбы ў Расею, што амаль удвая менш у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года, сведчаць афіцыйныя статыстычныя дадзеныя.

Усяго Беларусь у першым паўгоддзі паставіла на экспарт 136,8 тыс. тон бульбы на 23 млн даляраў. У фізічным выражэнні экспарт знізіўся на 12,2%, у вартасным — на 31,5%.

Змяншэнне экспарту бульбы звязанае са скарачэннем яе паставак на расійскі рынак. Калі ў студзені—чэрвені 2018 года Беларусь экспартавала ў Расею 152,8 тыс. тон бульбы, то за аналагічны перыяд гэтага года — 77,6 тыс. тон. У фізічным выражэнні экспарт скараціўся на 49,2%, у вартасным — на 58,4%.

У той жа час імпарт бульбы з Расеі ў Беларусь у першым паўгоддзі вырас. За студзень—чэрвень Беларусь завезла 3,3 тыс. тон расейскай бульбы, што на 91,3% больш у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года.

Аляксандр Лукашэнка паставіў задачу павялічыць экспарт беларускай бульбы. Падчас рабочай паездкі ў Смалявіцкі раён Менскай вобласці 31 жніўня ён падтрымаў ідэю павялічваць экспарт бульбы, але пры гэтым адзначыў, што ў першую чаргу трэба забяспечыць патрэбы ўнутранага рынку.

„Перш чым выпхнуць бульбу на знешнія рынкі, для сябе рэзервы, стабфонды для насельніцтва і ў сховішча пакласці, каб прадаць на будучы год. І насенне. Усё астатняе, калі ласка, прадавай на знешніх рынках, рабіце рэкламу. Пакуль дрэнна працуем з рэкламай. Такая бульба добрая, якасць дзівосная”, — заявіў Лукашэнка.

Паводле яго слоў, замежныя спажыўцы цэняць беларускую бульбу.

„Яны разумеюць, што гэта самая лепшая бульба. Таму што мы заўсёды займаліся бульбаводствам. Новыя гатункі, выведзеныя з прабіркі, у лабараторыі даследавалі і ў Расіі, і ў нас — яны цудоўныя”, — адзначыў Лукашэнка.

Ён дадаў, што беларуская бульба можа быць запатрабаваная і Украінай. „Трэба Украіне дапамагчы, раз у іх была засуха. Можа, яшчэ прэзідэнт Украіны папросіць і насеннем дапамагчы”, — сказаў Лукашэнка.

Пры гэтым беларускі кіраўнік паставіў задачу прадаваць бульбу з большай рэнтабельнасцю. „Мы зараз навучыліся вырошчваць якасную бульбу, прыгожую, навучыліся ствараць розныя гатункі, але наступная наша задача — навучыцца яе прадаваць з максімальным дададзеным коштам. Наша задача цяпер знайсці іншыя рынкі для збыту бульбы, не толькі расійскі”, — падкрэсліў Лукашэнка.

belapan.by