Беларусь апрацоўвае расейскія алмазы ў абыход санкцый
Расея пры дапамозе Беларусі і іншых краін працягвае масава прадаваць свае алмазы на сусветным рынку, нягледзячы на санкцыі Захаду, піша The New York Times.
Паводле выдання, уведзеныя Захадам абмежаванні прынеслі нязначны эфект, бо яны тычацца толькі неапрацаваных расійскіх алмазаў альбо тых алмазаў, якія былі апрацаваны і адпаліраваны выключна ў Расіі.
Калі афіцыйныя даныя ўказваюць на моцнае зніжэнне экспарту расійскіх алмазаў з-за санкцый, то рэальныя паказчыкі фіксуюць, што Расія гандлюе і апрацоўвае алмазы пад чужымі сцягамі, а таксама здольна вярнуцца на даваенны ўзровень іх паставак. Афіцыйна пасля пачатку вайны ва Украіне экспарт расійскіх алмазаў знізіўся на 95%, аднак насамрэч Расія пачала апрацоўваць іх у Індыі. І па выніку расійскія алмазы намінальна могуць станавіцца індыйскімі для наступнага продажу кліентам у абыход санкцый. У гэтай жа схеме ўдзельнічаюць Беларусь і Арменія, якія пасля ўвядзення антырасійскіх санкцый узялі на сябе частку работ па паліроўцы і апрацоўцы расійскіх алмазаў, — паведамляе выданне.
На БМЗ заявілі, што санкцыі не прынеслі “істотнай шкоды”. Але…
Пра вынікі працы Беларускага металургічнага завода за сем месяцаў расказаў намеснік генеральнага дырэктара Уладзімір Чавус на сустрэчы з калектывам. “З лютага мінулага года пастаўкі нашай прадукцыі ў Еўропу і ЗША былі часткова спынены, а з ліпеня спыніліся цалкам. Па сутнасці, істотнай шкоды для нашай вытворчасці новыя абмежаванні не нясуць. Зніжэння заказаў не адбудзецца, у працы завода мала што зменіцца”, — запэўніў намеснік гендырэктара. Ён дадаў, што ёсць стабільныя заказы на расійскім рынку, іх аб’ёмы плануюць павялічваць. Да таго ж, фізічныя аб’ёмы экспарту прадукцыі, паводле Чавуса, выраслі на 30%. Гэта азначае, што завод застаецца рэнтабельным, кажа ён.
Але Чавус не сказаў пра тое, што каб уратаваць БМЗ ад велізарных даўгоў, дзяржава не аднойчы дапамагала прадпрыемству з бюджэту. Доўгатэрміновыя даўгі завода на 2021 год складалі 1,39 мільярда рублёў. За мінулы год БМЗ не апублікаваў справаздачу аб сваёй фінансавай дзейнасці.
Беларусь у топе краін з нізкімі цэнамі на кураціну
Аналітыкі Picodi.com падлічылі, колькі каштуе кілаграм курынай грудкі ў розных дзяржавах Еўропы. Беларусь, паводле даследавання, апынулася ў пяцёрцы краін з самымі нізкімі цэнамі на курынае мяса, піша Myfin.by.
У рэйтынг трапілі 45 дзяржаў, у тым ліку тыя, якія часткова знаходзяцца ў Еўропе. У сярэднім у рэгіёне 1 кг курынага філе каштуе 8,59 даляра. Танней за ўсё гэта мяса каштуе ў Турцыі (3,64 даляра), а таксама ў Расіі, Украіне і Азербайджане, а Беларусь замыкае топ-5 (4,39 даляра).
Самыя высокія цэны адзначаныя ў Швейцарыі (27,62 даляра), Ісландыі (17,98 даляра) і Нарвегіі (13,31 даляра).
Заснаваны беларусам інвестыцыйны фонд сабраў 23 млн даляраў
Заснаваны беларусам Ігарам Маханьком інвестыцыйны фонд Geek Ventures сабраў 23 млн долараў. IT-прадпрымальнік плануе інвеставаць у стартапы мігрантаў, якія пераязджаюць у ЗША, піша techcrunch.com. “Таленты размяркоўваюцца пароўну, а магчымасці — не, — кажа Маханёк. — Я хачу стварыць больш магчымасцяў для дзіўных талентаў, якія праяўляюцца па ўсім свеце”.
Сярод тых, хто падтрымаў працу фонду — беларусы Мікіта Мікада і Сяргей Барысюк, сузаснавальнікі PandaDoc.
Беларускае Радыё Рацыя.
Фота: freepik.com