Беларусь атрымае ад Расеі больш за паўмільярда даляраў



Беларусь разлічвае атрымаць ад Расеі 640 мільёнаў даляраў у 2024 годзе, піша Reuters. Гэта кампенсацыя за страты, якія панеслі беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы ў выніку расейскага падатковага манеўру.

Беларусь гадамі імпартавала з Масквы нафту па льготных цэнах, а потым частку яе перапрадавала. На продаж у Еўропу таксама ішлі нафтапрадукты, вырабленыя з расейскай нафты. Расея спыніла гэта ў 2019 годзе пасля таго, як правяла так званы “падатковы манеўр”, што зрабіла такую практыку для Беларусі не выгаднай. У выніку толькі за той год Беларусь панесла страты ў памеры 330 млн даляраў. Пазней на гэтым фоне разгарэўся канфлікт, але ў 2021 годзе Расея ўсё ж пагадзілася кампенсаваць Беларусі яе страты на пастаяннай аснове.

З новага года мінімальны заробак вырасце на 13%

Мінімальны заробак у Беларусі з 1 студзеня плануецца павялічыць на 13%. Пра гэта заявіў прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка падчас сустрэчы з дэпутатамі парламента, піша БелТА.

“Для падтрымкі нізкааплатных катэгорый з пачатку года амаль на 15% павялічаны мінімальны заробак. На 2024 год (з 1 студзеня) мінімалку плануецца павялічыць на 13%, яна будзе роўная 626 рублям”, — распавёў Раман Галоўчанка. Цяпер мінімальны заробак складае 554 рублі.  Таксама кіраўнік урада сказаў, што рост рэальнага сярэдняга заробку ў наступным годзе складзе 3,9%.

Бізнес прапануе ўвесці квоты на айчынныя тавары на паліцах крам

Айчынных вытворцаў непакоіць рост імпарту. Пра гэта Office Life паведаміў старшыня Беларускага саюза прадпрымальнікаў Аляксандр Калінін падчас Форума дзелавых колаў. Мерапрыемства праходзіць падчас Беларускага тыдня прадпрымальніцтва.

Калінін падкрэсліў, што на форуме бізнес і дзяржаўныя органы плануюць абмеркаваць праблемы і знайсці варыянты для іх вырашэння. Сярод такіх праблем ён назваў няхватку ўласных абаротных сродкаў для сыравіны, а таксама неабходнасць забяспечыць прыярытэт беларускіх тавараў на рынку. “Мы падтрымліваем прыняцце нарматыўнага акта на ўзроўні закона, які забяспечыў бы квоты для айчынных тавараў. Цяпер мы назіраем рост імпарту, што не можа не турбаваць беларускіх вытворцаў”, — заявіў Аляксандр Калінін.

Самую вядомую карціну Марка Шагала прадаюць на аўкцыёне

На аўкцыёне Sotheby’s, які пройдзе 13 лістапада, паспрабуюць прадаць самую вядомую карціну Марка Шагала “Палёт над горадам”. Цана 12-18 мільёнаў даляраў. На наступны дзень, на аўкцыёне паспрабуюць прадаць тры іншыя працы віцебскага мастака.

З 11 да 24 кастрычніка на сайце аўкцыённага дома Christieʼs праходзяць таргі сучаснага мастацтва, дзе прадстаўленыя яшчэ 12 работ Марка Шагала.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: Pixabay