Беларусь будзе вырабляць камплектуючыя для расейскіх Ту-214



Менскі завод грамадзянскай авіяцыі №407 плануе выпускаць камплектуючыя для расейскіх самалётаў Ту-214. Пра гэта паведаміў кіраўнік аддзялення пасольства Беларусі ў Казані Віктар Шчацько. Дамова будзе падпісаная паміж Менскім заводам грамадзянскай авіяцыі і Казанскім авіяцыйным заводам імя Тупалева.

Да 2030 года на расейскім заводзе плануюць выйсці на вытворчасць 70 самалётаў Ту-214 у год. Адпаведна беларускі завод мае дапамагаць вырабляць камплектуючыя для гэтых самалётаў.

Агулам Беларусь збіраецца імпартазамяшчаць тысячы камплектуючых для розных расейскіх самалётаў. Дзеля гэтага будуць выкарыстоўваць таксама 558-мы Авіяцыйны рамонтны завод у Баранавічах.

Міжнародны валютны фонд палепшыў прагноз па эканоміцы Беларусі

Міжнародны валютны фонд выпусціў чарговы прагноз па эканоміцы Беларусі на бліжэйшыя два гады. На 2023 год, на думку аналітыкаў фонда, сітуацыя з ВУП будзе лепшай, чым раней чакалася. Так, у фондзе прагназуюць, што валавы ўнутраны прадукт Беларусі сёлета вырасце на 0,7 працэнта, а раней яны прагназавалі рост усяго на 0,2 працэнта.

Інфляцыя, паводле прагнозу МВФ, у бягучым годзе складзе 7,5 працэнтаў, а ў наступным годзе – 10,1 працэнта.

БелАЗ будуе новую вытворчасць за 200 млн рублёў.

Завод у Воршы павінен замясціць імпарт кальцавых загатовак для патрэб вытворцы кар’ерных самазвалаў. Цяпер такія загатоўкі ў Беларусі не вырабляюць. Новыя тэхналогія, якую плануюць выкарыстаць у Воршы, дазволіць самастойна вырабляць высакаякасныя загатоўкі – паведамляе прэ-служба прадпрыемства БелАЗ.  Кошт праекту складае 200 мільёнаў рублёў, а здаць завод у эксплуатацыю плануюць у 2025 годзе.

Красоўкі Майкла Джордана прадалі за 2,2 мільёна даляраў. Гэта рэкорд

Пара красовак, у якіх калісьці гуляў легенда баскетбола Майкл Джордан, была прададзеная на аўкцыёне за 2,2 млн даляраў. Гэта рэкордная сума за пару абутку, піша ВВС. Гаворка ідзе пра пару Air Jordan XIII, у якіх Майкл Джордан гуляў у фінале НБА 1998 года.

Аўкцыённы дом Sotheby’s напярэдадні таргоў ацэньваў красоўкі з аўтографам самога Джордана ў 2-4 млн даляраў. На аўкцыёнах памятных рэчаў спартыўнага адзення рэчы, якія належалі Джордану, стабільна прадаюцца за казачныя сумы. Да прыкладу, футболка, у якой ён гуляў у фінале НБА ў 1998 годзе, у мінулым годзе была прададзеная за 10,1 мільёна даляраў.

Майкл Джордан лічыцца адным з найвялікшых спартсменаў усіх часоў.

Былыя рэстараны „МакДональдс” рэгіструюць таварны знак Mak.by

На рэстаранах былой беларускай сеткі „МакДональдс” можа з’явіцца новая шыльда — Mak.by. Кампанія „КСБ Віктары рэстараны”, якое кіруе гэтай сеткай, падала заяўку на рэгістрацыю такога таварнага знака ў Нацыянальны цэнтр інтэлектуальнай уласнасці. Вядомыя два варыянты лагатыпу. Адзін з іх зроблены ў колеры надпісаў „Мы адкрытыя” — пад такой назвай сетка існавала пасля зыходу амерыканскай франшызы, паведамляе „Еўрарадыё”.

Беларускае Радыё Рацыя