Беларусь чацвёртая па росце спажывецкіх цэн на тэрыторыі былога СССР
Беларусь заняла чацвёртае месца па росце спажывецкіх цэн на тэрыторыі былога СССР у студзені—кастрычніку 2018 года, сведчыць праведзены БелаПАН аналіз дадзеных нацыянальных органаў статыстыкі (у студзені—жніўні і студзені—верасні — таксама чацвёртае).
Па выніках 10 месяцаў цэны ў краіне павялічыліся на 4,2% (без акруглення — на 4,24%). На першых месцах Узбекістан (9,5%), Украіна (7,4%) і Таджыкістан (4,5%).
Ніжэй, чым у Беларусі, інфляцыя была ў Эстоніі (4,1%), Казахстане (3,7%), Латвіі (3,1%), Расеі (2,9%), Літве (2,7%), Грузіі (0,4%) і Азербайджане (0,2%).
У Малдове цэны не змяніліся, у Арменіі — знізіліся на 0,7%, у Кыргызстане — на 0,9%. У Туркменістане апублікаваныя дадзеныя толькі за першае паўгоддзе (рост коштаў на 8,9%). Паказчыкі па Азербайджане, Грузіі, Таджыкістане і Эстоніі вылічаныя БелаПАН на падставе месячных дадзеных.
У кастрычніку ў Беларусі цэны падвысіліся на 0,5% (без акруглення — на 0,51%). Такі ж паказчык зафіксаваны ў Эстоніі. Гэта шостае месца пасля Украіны (1,7%), Узбекістана (1,3%), Латвіі, Таджыкістана (па 0,7%) і Літвы (0,6%). Далей: Казахстан, Малдова, Расея (па 0,4%), Грузія, Кыргызстан (па 0,3%), Азербайджан (0,2%) і Арменія (0,1%).
У самаабвешчаным Прыднястроўі, якое мае ўласную фінансавую сістэму, цэны выраслі ў кастрычніку на 0,9%, з пачатку года — на 6%.