Беларусь дамовілася аб пастаўцы першай партыі нафты з Расеі
«Праца па заключэнні кантрактаў на пастаўку вуглевадароднай сыравіны з Расейскай Федэрацыі ў Рэспубліку Беларусь па цане, якая выключае прэмію пастаўшчыкам, працягваецца», – паведаміў канцэрн «Белнафтахім».
4 студзеня «афармляюцца дакументы з расейскай кампаніяй на прапампоўванне першай партыі нафты, якая закупляецца па цане без прэміі». «Аб’ём сыравіны, пастаўка якой чакаецца найбліжэйшым часам, а таксама назапашаныя рэсурсы дадуць магчымасць забяспечыць няспынную працу айчынных нафтаперапрацоўчых заводаў у студзені 2020 года», – падкрэсліваецца ў рэлізе.
Прэс-служба Саўміна паведаміла сёння пра тэлефонную размову прэмʼер-міністра Сяргея Румаса з расейскім калегам Дзмітрыем Мядзведзевым. Бакі «абмеркавалі сітуацыю з пастаўкамі нафты на беларускія НПЗ, а таксама іншыя пытанні інтэграцыйнага ўзаемадзеяння». Паводле інфармацыі прэс-службы ўрада РФ, размова адбылася па ініцыятыве беларускага боку.
Напярэдадні, 3 студзеня, «Белнафтахім» паведаміў, што працягвае «перамоўны працэс з расейскімі партнёрамі адносна заключэння кантрактаў на пастаўку нафты для айчынных НПЗ», аднак «кантракты не падпісаныя».
«Сітуацыя, якая склалася, – не лепшы этап у эканамічным супрацоўніцтве з расейскімі партнёрамі, – адзначылі ў «Белнафтахіме». – Так, з улікам рэалізацыі чарговага этапу падатковага манеўру ў Расейскай Федэрацыі цана на «танную бяспошлінную расейскую нафту» на сённяшні дзень складае 83% ад сусветнай. Безумоўна, з улікам кампенсацыі, якую Расейская Федэрацыя падае сваім нафтаперапрацоўчым заводам, гэта негатыўна адбіваецца на дыспарытэце цэн на ўнутраных рынках Расеі і Беларусі».
Разам з тым «Белнафтахім» падкрэсліў, што айчынныя НПЗ працуюць у штатным рэжыме.
«Прынятыя меры па аптымізацыі загрузкі вытворчых магутнасцяў дазволілі павялічыць назапашванне рэсурсаў нафты для яе далейшай перапрацоўкі. Наяўныя запасы паліва, а таксама рэжым працы айчынных НПЗ дазваляюць у поўным абʼёме забяспечыць патрэбы ўнутранага рынку ва ўсіх відах маторнага паліва і іншых нафтапрадуктаў», – гаварылася ў паведамленні канцэрна.
Расея з 1 студзеня перастала пастаўляць нафту для Беларусі. 31 снежня скончыліся гадавыя кантракты, а новыя пакуль не падпісаныя. Пасля спынення паставак нафты Беларусь спыніла экспарт нафтапрадуктаў.
Расейская кампанія «Транснефць» паведаміла, што транзіт нафты праз Беларусь ідзе без абмежаванняў.
У апошні дзень 2019 года Аляксандр Лукашэнка правёў нараду з кіраўнікамі айчыннага нафтахімічнага комплексу і даручыў «найбліжэйшымі гадзінамі» заключыць дагаворы на пастаўку нафты з Расеі і забяспечыць яе набыццё з альтэрнатыўных крыніц. Перш за ўсё размова ідзе пра пастаўкі чыгуначным транспартам з партоў на Балтыцы, а таксама пра задзейнічанне для альтэрнатыўных паставак нафтаправода «Дружба».