Беларусь дамовілася з Казахстанам пра пастаўкі нафты



Улады Беларусі дамовіліся з Казахстанам пра пастаўкі нафты.

Як паведаміла прэс-служба беларускага ўрада, у Нур-Султане 28 чэрвеня паводле вынікаў перамоў прэм’ер-міністра Беларусі Рамана Галоўчанкі і яго казахстанскага калегі Аскара Маміна падпісанае пагадненне паміж урадамі дзвюх краін аб гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве ў галіне паставак нафты і нафтапрадуктаў у Беларусь.

Дэталі пагаднення не паведамляюцца. „Найбліжэйшым часам на ўзроўні суб’ектаў гаспадарання дзвюх краін будуць абмяркоўвацца канкрэтныя аб’ёмы і тэрміны паставак нафты”, — адзначыла прэс-служба.

Акрамя таго, Менскі трактарны завод паставіць у Казахстан 590 трактароў на 10 млн долараў. Гэта прадугледжана падпісаным сёння кантрактам паміж ААТ „МТЗ” і ТАА „Гандлёвы дом „Беларускі трактар”.

Яшчэ адзін кантракт заключаны паміж ААТ „МАЗ” і ТАА HyundaiTransAuto на пастаўку машынакамплектаў прычэпаў МАЗ на 1,5 млн долараў ЗША. ААТ „БелАЗ” і ТАА „АСТАНАБЕЛАЗСЭРВІС К” падпісалі кантракт на пастаўку тэхнікі БелАЗ на 1,2 млн долараў ЗША. Падпісаны таксама кантракт на пастаўку прадукцыі „Бабруйскаграмаша” на 1 млн долараў ЗША паміж ААТ „Бабруйскаграмаш” і суб’ектамі тавараправоднай сеткі прадпрыемства ў Казахстане. ААТ „Гомсельмаш” і АТ „Аграмашхолдынг” падпісалі пагадненне аб развіцці супрацоўніцтва на 2021—2022 гады.

Як паведамлялася, у лістападзе 2020 года Міністэрства энергетыкі Казахстана вынесла на грамадскае абмеркаванне праект міжурадавага пагаднення аб пастаўках нафты і нафтапрадуктаў у Беларусь. Згодна з праектам казахстанскую нафту і нафтапрадукты будуць пастаўляць у Беларусь трубаправодным або чыгуначным транспартам без прымянення вывазных мытных пошлін. Пры гэтым вызначана, што беларускія прадпрыемствы змогуць вывозіць за межы Беларусі толькі мазут і нафтавы кокс, выпрацаваныя з казахстанскай нафты.

Такім чынам, астатнія нафтапрадукты, вырабленыя з казахстанскай нафты, падлягаюць рэалізацыі толькі на беларускім рынку. Пра выкананне прынятых абавязацельстваў канцэрн „Белнафтахім” павінен будзе рэгулярна даваць справаздачу перад казахстанскім бокам, а ў выпадку парушэння абавязацельстваў Казахстан можа прыпыніць пастаўкі нафты на беларускія заводы.

У праекце міжурадавай дамовы гаворыцца, што дакумент будзе дзейнічаць да канца 2024 года. Меркаваны аб’ём паставак — 3,5 млн тон штогод.

У сакавіку 2020 года віцэ-міністр гандлю і інтэграцыі Казахстана Кайрат Тарабаеў заявіў, што яго краіна гатовая пастаўляць нафту ў Беларусь пры ўмове, што беларускі бок гарантуе недапушчэнне рээкспарту казахстанскай нафты і нафтапрадуктаў. „Спадзяемся, што беларускія калегі змогуць правільна адміністраваць гарантыі, што не будзе рээкспарту і тая нафта, якая ў Беларусі будзе перапрацоўвацца, будзе выкарыстоўвацца ўнутры краіны”, — заявіў віцэ-міністр, размаўляючы ў Менску з журналістамі.

belapan.by