Беларусь экспартавала мінімальны за апошнія пяць гадоў аб’ём нафтапрадуктаў



Па выніках першага паўгоддзя Беларусь экспартавала мінімальны за апошнія пяць гадоў аб’ём нафтапрадуктаў.

Паводле дадзеных афіцыйнай статыстыкі, у студзені—чэрвені Беларусь паставіла на знешнія рынкі 5,25 млн тон нафтапрадуктаў на 2,67 млрд долараў. У грашовым і ў фізічным выражэнні экспарт знізіўся на 20,5% у параўнанні з першай паловай 2018 года (тады было экспартавана 6,6 млн тон нафтапрадуктаў).

Экспарт беларускіх нафтапрадуктаў у першым паўгоддзі аказаўся самым нізкім за апошнія пяць гадоў. У 2014—2018 гадах аналагічны паказчык не апускаўся ніжэй за 6 млн тон.

Рэзкае скарачэнне экспарту нафтапрадуктаў сёлета абумоўленае змяншэннем імпарту расійскіх нафтапрадуктаў, якія Беларусь перапрацоўвала. Так, у студзені—чэрвені Беларусь атрымала 40,7 тыс. тон расійскіх нафтапрадуктаў, што ў 50 разоў менш у параўнанні з аналагічным перыядам 2018 года.

Віцэ-прэм’ер Ігар Ляшэнка лічыць, што па выніках 2019 года экспарт беларускіх нафтапрадуктаў можа знізіцца на 1—1,5 млн тон у параўнанні з мінулым годам.

Падчас сустрэчы з журналістамі ў чэрвені Ляшэнка нагадаў, што ў 2018 годзе беларускія НПЗ перапрацоўвалі расійскую нафту і нафтапрадукты, але з 1 лістапада Расея рэзка скараціла іх пастаўкі ў Беларусь.

Віцэ-прэм’ер таксама заявіў, што ў другім паўгоддзі гэтага года Беларусь разлічвае замясціць „брудную” нафту, якая паступіла з Расеі па нафтаправодзе „Дружба”, якаснай. „Калі мы атрымаем увесь аб’ём адноўленай нафты з Расеі, то наша доля ў экспарце нафтапрадуктаў захаваецца на ўзроўні мінулых гадоў. Аднак у мінулыя гады даходзілі да мільёна тон нафтапрадукты, якія мы бралі з Расеі на перапрацоўку”, — дадаў Ляшэнка.

Паводле яго слоў, сёлета з-за абмежавання паставак расейскіх нафтапрадуктаў „мільён, можа, паўтара мільёна тон” нафтапрадуктаў можа выпасці з беларускага экспарту.

Рашэнне скараціць пастаўкі нафтапрадуктаў у Беларусь расейскія ўлады тлумачылі тым, што Беларусь займаецца рээкспартам нафтавай прадукцыі.

Згодна з міжурадавымі дамоўленасцямі, з 1 лістапада 2018 года Расея пастаўляе Беларусі толькі тыя нафтапрадукты, якія не вырабляюцца ў рэспубліцы.

belapan.by