Беларусь, ЕЗ і ААН падпішуць праект па развіцці рэгіёнаў краіны
Беларусь, Еўразвяз і ААН падпішуць праект па развіцці рэгіёнаў Беларусі, паведаміў 11 лістапада ў інтэрв`ю праграме „Контуры” канала АНТ намеснік міністра эканомікі Дзмітрый Матусевіч.
Паводле яго слоў, дакумент будзе падпісаны ў рамках Сусветнага тыдня прадпрымальніцтва ў Беларусі, які адкрываецца 12 лістапада. „Мы падпішам буйны міжнародны праект паміж Рэспублікай Беларусь, Еўрасаюзам і ААН, які будзе накіраваны на развіццё нашай краіны, у рамках гэтага тыдня. І гэта будзе канкрэтнай карысцю для дванаццаці раёнаў нашай краіны”, — сказаў Матусевіч.
Намеснік міністра адзначыў, што сёлета тыдзень прадпрымальніцтва прысвечаны інавацыям. Акрамя таго, будзе працаваць дзіцячая секцыя. „Дзеці і падлеткі развіваюцца хутка, важна знайсці ў іх адметнасць. Таксама адбудзецца ўзнагароджанне дзвюх жанчын, якія дабіліся найбольшых поспехаў”, — расказаў Матусевіч.
Чыноўнік звярнуў увагу на рост долі прыватнага бізнесу ў ВУП Беларусі: „Калі браць з буйнымі прадпрыемствамі, то ён будзе ўжо большы за 50%. Калі мы гаворым пра сферу малога і сярэдняга прадпрымальніцтва, то гэта доля складае 28,5%, а ў падатках — ужо 30,5%. Гэта вельмі добры вынік”. Паводле слоў Матусевіча, у праграмных дакументах закладзены рост долі малога і сярэдняга прадпрымальніцтва да 40% да 2020 года, да 2030-га — да 50%. „Хоць чым больш будзе, тым лепш. Бо пастаўлена задача павялічваць ВУП да 100 мільярдаў долараў, і прадпрымальніцтва — адзін з драйвераў росту”, — дадаў намеснік міністра эканомікі.