Беларусь і Еўрапейскі інвестыцыйны банк падпісалі рамачнае пагадненне аб супрацы
Рамачнае пагадненне аб супрацоўніцтве падпісанае 15 мая ў Люксембургу на сустрэчы пастаяннага прадстаўніка Беларусі пры Еўрасаюзе Аляксандра Міхневіча і віцэ-прэзідэнта Еўрапейскага інвестыцыйнага банка (ЕІБ) Васіла Худэка.
„Тым самым была завершаная працэдура ўзгаднення ўмоў дзейнасці ЕІБ у нашай краіне, і цяпер усе тры галоўныя еўрапейскія фінансавыя інстытуты (ЕІБ, Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця і Паўночны інвестыцыйны банк) маюць магчымасць працаваць у Беларусі”, — адзначае прэс-служба беларускага знешнепалітычнага ведамства.
Падчас сустрэчы бакі абмеркавалі „перспектыўныя напрамкі супрацоўніцтва Беларусі і ЕІБ”. Асаблівая ўвага надавалася развіццю транспартных сетак, малога і сярэдняга бізнесу, энергазберагальных тэхналогій, аховы навакольнага асяроддзя. У 2017 годзе ЕІБ плануе ўкласці ў фінансаванне беларускіх праектаў да 200 млн еўра, гаворыцца ў рэлізе.
БелаПАН