Беларусь і Грузія плануюць супольную вытворчасць трактароў
Беларусь зацікаўлена ў запуску ў Грузіі сумеснай грузіна-беларускай вытворчасці па зборы трактароў, а грузінскі бок – у адкрыцці ў Беларусі магазіна грузінскай сельскагаспадарчай прадукцыі. Як паведаміла прэс-служба кіраўніка грузінскага ўрада, аб гэтым стала вядома па выніках сустрэчы прэм’ер-міністра Грузіі Мамукі Бахтадзэ і віцэ-прэм’ера Беларусі Міхаіла Русага, якая прайшла сёння ў Тбілісі.
Адзначаецца, што Мамука Бахтадзэ і Міхаіл Русы таксама разгледзелі магчымасць сумеснай вытворчасці ліфтаў, супрацоўніцтва ў транспартнай сферы, у прыватнасці перспектыву развіцця паромных зносін і транзіту беларускіх грузаў у Грузію цераз Украіну.
Прэм’ер-міністр даручыў адпаведным ведамствам у Грузіі сумесна з беларускімі калегамі ў рамках рабочай групы ў двухмесячны тэрмін узгадніць лагістычныя пытанні.
Міхаіл Русы выказаў гатоўнасць Беларусі ўдзельнічаць у аб’яўленым грузінскім бокам тэндары па замене гарадскіх аўтобусаў у Тбілісі і Батумі, а таксама пастаўляць у Грузію вырабленыя ў Беларусі ліфты.
Міхаіл Русы прымае ўдзел у выстаўцы Made in Belarus, што адкрылася 20 сакавіка ў Тбілісі ў выставачнай зале Expo Georgia. На працягу чатырох дзён (з 20 па 23 сакавіка) каля 150 буйных беларускіх кампаній, якія аперыруюць у самых розных сферах – ад харчовай прамысловасці да машынабудавання, прадставяць грузінскім спажыўцам і бізнес-кампаніям перадавыя навукова-тэхнічныя вынаходствы, самыя інавацыйныя і перспектыўныя праекты ад новых матэрыялаў і біятэхналогій да наватарскіх тэхналогій бульбаводства і абсмажвання кавы.
У выстаўцы ўдзельнічаюць такія флагманы эканомікі Беларусі, як Мінскі трактарны завод, „Гомсельмаш”, Магілёўскі завод „Строммашына”, Магілёўскі металургічны завод, „Камунарка”, „Крыніца”, „Мінск Крышталь” і інш.