Беларусь і Іран уклалі дамову на пастаўкі калійных угнаенняў
Пасол Ірана ў Беларусі Алірэза Санеі распавёў на АНТ, што Беларусь і Іран уклалі паспяховую дамову адносна паставак калійных угнаенняў. Па яго словах, яны дамовіліся аб пастаўках 400 тысяч тон. Якая гэта сума ў валюце, не называлася. Таксама Іран гатовы стаць хабам для Беларусі на іншыя рынкі ў трэція краіны.
Як нагадвае “Зеркало”, традыцыйна Беларусь прадавала на экспарт каля 10-12 млн. тон угнаенняў у год. Але ў мінулым годзе галіна трапілі пад санкцыі, а Літва забараніла перавалку беларускіх угнаенняў праз свае парты. Да ўвядзення санкцый сярод найбуйнейшых пакупнікоў беларускіх калійных угнаенняў традыцыйна былі Бразілія, куды ішло 17% экспарту, Кітай (15,7%) і Індыя (13%). Сёлета Кітай выйшаў на першае месца. Па выніках дзевяці месяцаў бягучага года Кітай заплаціў за імпарт беларускага калію 1 мільярд 250 мільёнаў даляраў. Гэта на 505 мільёнаў даляраў больш у параўнанні з аналагічным леташнім перыядам.
Беларусь пачне выплаты расейцам па еўрабондах да канца года
Да канца года павінен запрацаваць механізм разлікаў па еўрабондах з інвестарамі з Расеі ў абыход заходняй інфраструктуры. Пра гэта ў эфіры тэлеканала “Беларусь 1” паведаміў міністр фінансаў Юры Селіверстаў. Паводле яго слоў, зараз Беларусь і Расея выпрацоўваюць агульны механізм пералічэння грошай інвестарам. Міністр лічыць, што наўрад ці заходнія партнёры адменяць свае санкцыі, таму Менск выбудоўвае доўгатэрміновую працу з цэнтральным дэпазітарыем Расеі.
У абарачэнні зараз знаходзяцца чатыры выпускі беларускіх еўрабондаў. З моманту пачатку прамых выплат Мінфін пералічыў у адрас трымальнікаў еўрааблігацый суму, якая перавышае $1 млрд. Выплаты ажыццяўляюцца ў беларускіх рублях, піша Office Life.
Станцыі дэзінфекцыі на мяжы і кошт іх паслуг
Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь унёс змяненні ў пастанову, датычную пытанняў абавязковай дэзінфекцыі аўтамабіляў пры ўездзе ў краіну. Цяпер станцыі дэзінфекцыі аўтамабіляў будуць адкрываць толькі на памежных пераходах, якія працуюць на гэты момант.
Станцыі пачалі працаваць у пунктах пропуску на межах Беларусі з Літвой, Латвіяй і Польшчай з 16 верасня. Цана дэзінфекцыі легкавога аўтамабіля складае 2 рублі, аўтобуса — 30 рублёў, грузавіка — 95 рублёў. Для аплаты трэба набыць кантрамарку. Яе можна купіць у аддзяленнях банкаў і страхавых кампаній у пунктах пропуску, а таксама ў тэрміналах самаабслугоўвання, у якіх кіроўца атрымае электронную кантрольную марку з QR-кодам. Калі ў кіроўцы ці ўладальніка аўтамабіля не будзе кантрамаркі, транспартны сродак у Беларусь не прапусцяць.
Аказвае платныя паслугі па абавязковай дэзінфекцыі “БелГлобалГарант”. Гэта фірма належыць прадпрымальніку Сяргею Цяцерыну, якога звязвае цеснае сяброўства з Лукашэнкам, заўважае Свабода.
Беларускае Радыё Рацыя.