Беларусь спадзяецца на казахстанскую нафту
Дагавор аб пастаўках казахстанскай нафты ў Беларусь можа быць падпісаны ў пачатку наступнага года, паведаміў віцэ-міністр энергетыкі Казахстана Асет Магауаў.
„Беларусь больш зацікаўлена не ў гатовых нафтапрадуктах, яе больш цікавіць сыравіна для перапрацоўкі, а потым ужо атрымліваць гатовыя прадукты. Таму, я думаю, яны ў нашым бензіне не зацікаўлены. Агульную колькасць, якая на перагаворах агучана, каля 3,2 млн т яны хацелі б атрымаць нафты і цемных нафтапрадуктаў”, – сказаў Асет Магауаў.
Паводле яго слоў, кансэнсус ужо знойдзены. „Цяпер мы павінны прайсці ўнутрыдзяржаўныя працэдуры, узгадненне з іншымі міністэрствамі, адпаведныя віды экспертызы і толькі потым выходзіць на падпісанне. Калі дамовімся па аб’ёмах з беларускім бокам, пасля гэтага можна будзе размаўляць пра маршруты транспарціроўкі, размаўляць з калегамі з Расеі”, – адзначыў віцэ-міністр.
Ён таксама расказаў аб прыкладных тэрмінах заключэння дагавора на пастаўку нафты ў Беларусь. „Калі мы даволі хутка пройдзем нашы ўнутрыдзяржаўныя працэдуры, экспертызы, потым у нас ідзе ўзгадненне з Мінюстам і ў канцы экспертыза з боку МЗС, гэта ўсё, я думаю, не менш за месяц павінна заняць”, – запэўніў прадстаўнік Мінэнерга.