Беларусь і Кітай дамовіліся пра стварэнне СП па выпуску адзення і феерверкаў
Такая інфармацыя размешчана на сайце Міністэрства эканомікі па выніках візіту беларускай дэлегацыі ў Кітай 24 верасня – 1 кастрычніка.
Па выніках візіту дасягнуты дамоўленасці па прапрацоўцы паставак з Беларусі ў КНР ялавічыны, малака, лёну, стварэнні сумесных прадпрыемстваў па вытворчасці адзення, утылізацыі бытавых адкідаў, вытворчасці феерверкаў, а таксама арганізацыі серыі турыстычных візітаў з правінцыі Хунань у Беларусь у наступным годзе.
Для развіцця міжрэгіянальнага гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва і прэзентацыі Кітайска-беларускага індустрыяльнага парка „Вялікі камень” беларуская дэлегацыя правяла два бізнес-форумы – у горадзе Нанкін правінцыі Цзянсу і горадзе Чанша правінцыі Хунань. Адбыліся афіцыйныя сустрэчы членаў дэлегацыі з губернатарамі правінцый Цзянсу і Хунань, з сакратаром Камітэта Камуністычнай партыі Кітая правінцыі Хунань, а таксама шэраг асобных сустрэч з кіраўніцтвам кітайскіх кампаній – карпарацыі SUMEC Group, холдынга Jiangsu SOHO Holding Group, карпарацыі Tuniu, Цзянсускай карпарацыі па знешнеэканамічным супрацоўніцтве, ZOOMLION, Farsoon technologies, Broad і BBG.
У час візіту падпісаны мемарандум аб далейшым умацаванні супрацы паміж горадам Бабруйск і горадам Усі (правінцыя Цзянсу), мемарандум аб супрацоўніцтве ў сферы турызму і правядзенні кансультацый паміж Магілёўскім аблвыканкамам і правінцыяй Хунань, пратакол аб намерах пра устанаўленне пабрацімскіх адносін паміж Бабруйскам і горадам Хэн’ян правінцыі Хунань.