Беларусь і Кітай рэалізуюць тры праекты ў машынабудаванні



Кітай выдзеліць больш за 340 млн даляраў на развіццё машынабудаўнічых прадпрыемстваў Беларусі, паведаміў 14 мая журналістам у Пекіне намеснік міністра фінансаў Беларусі Юрый Селіверстаў.

„Ужо падпісаныя пагадненні з кітайскім бокам па рэалізацыі трох праектаў у машынабудаванні на агульную суму больш за 340 млн даляраў. Гэта будаўніцтва і развіццё прадпрыемстваў „Амкадормаш”, „Салеа-Гомель” і „Салеа-Кобрын”, — цытуе Селіверстава дзяржаўнае агенцтва БелТА.

Таксама, паводле яго слоў, вывучаецца магчымасць фінансавай падтрымкі праектаў у нафтахімічнай сферы. У прыватнасці, па развіцці беларускіх нафтаперапрацоўчых заводаў і прадпрыемства „Гродна Азот”. Кітай гатовы паспрыяць у гэтых напрамках, аднак пра канкрэтныя лічбы і тэрміны гаварыць пакуль рана.

Прапрацоўваюцца пытанні ўдзелу кітайскага боку і ў іншых інвестыцыйных праектах у Беларусі. „Сустракаемся з патэнцыяльнымі інвестарамі, якія гатовы мець зносіны і супрацоўнічаць з намі, — сказаў намеснік міністра. — Акрамя таго, мы прапрацоўваем пытанні ўдзелу ў працы на ўнутраным фінансавым рынку Кітая”.

У Пекіне 14-15 мая праходзіць форум высокага ўзроўню па міжнароднай супрацы ў межах стратэгіі „Адзін пояс — адзін шлях”. У ім бяруць удзел прэзідэнты і прэм’еры 29 дзяржаў, у тым ліку Аляксандр Лукашэнка. Беларускі кіраўнік прыбыў у Пекін 13 мая.

Паводле БелаПАН