Беларусь і Кітай створаць гандлёвы дом для прасоўвання беларускіх прадуктаў
Беларусь і Кітай створаць гандлёвы дом для прасоўвання беларускіх прадуктаў харчавання на кітайскі рынак. Адпаведнае пагадненне аб намерах паміж ЗАТ „Мяса-малочная кампанія” і кітайскай кампаніяй DRex Food Group Co., Ltd падпісанае 28 снежня ў Менску, паведаміў начальнік галоўнага ўпраўлення знешнеэканамічнай дзейнасці Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі Аляксей Багданаў.
„Беларуска-кітайскі гандлёвы дом зарэгіструюць ў свабоднай эканамічнай зоне Шанхая. Яго мэта — прасоўванне беларускіх прадуктаў харчавання ў шырокім асартыменце на кітайскім рынку. Гэта і малако, і мяса, і іншая харчовая прадукцыя. Акрамя таго, плануецца ў перспектыве праз гэты гандлёвы дом пастаўляць і прамысловую прадукцыю„, — адзначыў Багданаў.
Паводле яго слоў, таксама сёння ў Менску з гэтай кампаніяй падпісаны кантракт на пастаўку ў Кітай 2 тыс. тон мяса птушкі ў год.
На думку Багданава, у 2017 годзе гандлёва-эканамічныя адносіны Беларусі з Кітаем у сферы сельскай гаспадаркі і харчавання „складваліся вельмі паспяхова”. Паводле вынікаў 10 месяцаў, паведаміў ён, прадпрыемствы Мінсельгасхарча паставілі ў Кітай прадукцыі на 7,8 млн долараў. „Асноўным драйверам з’явілася малочная прадукцыя. Мы павялічылі яе пастаўкі на кітайскі рынак у 10 разоў, і яе аб’ём перавысіў 5 млн долараў ЗША. Гэта было і сухое, і ультрапастэрызаванае малако з доўгім тэрмінам рэалізацыі. Былі пастаўленыя пробныя партыі масла і сыру”, — сказаў чыноўнік. Сертыфікаты на пастаўку малочнай прадукцыі на кітайскі рынак маюць 37 беларускіх прадпрыемстваў.
Акрамя таго, сёлета быў адкрыты кітайскі рынак для паставак ялавічыны. „У снежні сертыфікаты атрымалі два прадпрыемствы — „Вялес-Міт” і Магілёўскі мясакамбінат, і яны плануюць да Новага года першую партыю адгрузіць. Партыі ўжо рыхтуюцца, за гэтыя чатыры дні да Новага года яны паспрабуюць паспець. Неабходна было ўзгадніць форму ветэрынарнага сертыфіката. Калі не паспеюць адправіць да канца снежня, то першая партыя пойдзе ў студзені. Але мы імкнемся максімальна хутка ўсё зрабіць”, — паведаміў прадстаўнік Мінсельгасхарча. БелаПАН