Беларусь і Латвія будуць развіваць грузаперавозкі паскоранымі цягнікамі
Беларуская і Латвійская чыгункі будуць развіваць грузавыя перавозкі паскоранымі цягнікамі. Адпаведны мемарандум аб супрацоўніцтве падпісаны 3 кастрычніка ў Менску ў рамках мерапрыемстваў Беларускага транспартнага тыдня, паведаміла прэс-служба Беларускай чыгункі.
Подпісы пад дакументам паставілі начальнік Беларускай чыгункі Уладзімір Марозаў і прэзідэнт ДАТ „Латвійская чыгунка” Эдвінс Берзіньш.
Бакі дамовіліся прымаць сумесныя меры па развіцці грузавых перавозак паскоранымі цягнікамі Мінск — Рыга з Беларусі і назад пад брэндам „Грузавы экспрэс-цягнік Мінск — Рыга”, ствараць умовы для яго функцыянавання. Дакументам прадугледжана ажыццяўляць каардынацыю ўзаемадзеяння з грузаатрымальнікамі, грузаадпраўшчыкамі, экспедытарскімі і стывідорнымі кампаніямі і іншымі ўдзельнікамі рынку транспартных паслуг.
Першы цягнік плануецца арганізаваць да канца 2017 года.
У склад цягніка будуць уключацца грузы ў кантэйнерах, якія рухаюцца ў рамках праекта „Эканамічны пояс Шаўковага шляху” ў зносінах Кітай — ЕС — Кітай у напрамку Латвіі.
Таксама 3 кастрычніка было падпісана пагадненне аб супрацоўніцтве паміж Беларускай чыгункай і Беларускім дзяржаўным універсітэтам транспарту (БелДУТ). Подпісы пад дакументам паставілі Уладзімір Марозаў і рэктар універсітэта Юрый Кулажанка. Пагадненне прадугледжвае развіццё сістэмы доўгатэрміновых партнёрскіх адносін у галіне навукова-даследчай, доследна-канструктарскай і інавацыйнай дзейнасці, павышэння якасці падрыхтоўкі і перападрыхтоўкі кадраў, правядзення выпрабавання прадукцыі чыгуначнага транспарту ў вучэбна-палявым цэнтры БелДУТ.