Беларусь і Латвія дамовіліся пра развіццё супрацы ў чыгуначных зносінах



Беларусь і Латвія заключылі пагадненне аб міжнародных чыгуначных зносінах. Дакумент падпісалі міністр транспарту і камунікацый Беларусі Анатоль Сівак і міністр зносін Латвіі Улдзіс Аўгуліс ў межах Беларускага транспартнага тыдня, паведамляе аргкамітэт форуму.

Дакумент прадугледжвае рэгуляванне бесперашкодных перавозак пасажыраў, багажу, грузавых чыгуначных перавозак у адпаведнасці з сучаснымі ўмовамі эксплуатацыі чыгуначнага транспарту ў абедзвюх краінах.

Таксама пагадненне будзе рэгуляваць арганізацыю міжнародных чыгуначных перавозак паміж Латвіяй і Беларуссю, у тым ліку пэўныя абавязацельствы перавозчыкаў і персаналу, пагранічны кантроль і іншыя меры кантролю, экстранага і аварыйнага расследавання і іншыя пытанні.

Акрамя гэтага пагаднення, сумесны план мерапрыемстваў па падрыхтоўцы да чэмпіянату свету па хакеі з шайбай, які пройдзе ў 2021 годзе ў Мінску і Рызе, падпісалі намеснік міністра транспарту і камунікацый Беларусі Аляксей Ляхновіч і намеснік дзяржаўнага сакратара Міністэрства зносін Латвіі Улдзіс Рэйманіс.

Як паведамляў БелаПАН, прызначаючы 18 верасня новага пасла ў Латвійскай Рэспубліцы, Аляксандр Лукашэнка адзначыў вялікі патэнцыял у развіцці супрацоўніцтва з гэтай краінай. „Вы разумееце, што выхаду да мора ў нас няма, і калі Літва не вельмі хоча з намі супрацоўнічаць, так трэба рабіць упор на Латвію. Трэба зрабіць так, каб гэтая рэспубліка задавальненне атрымлівала ад супрацоўніцтва з Беларуссю. Мы людзі прыстойныя, адказныя, яны гэта ведаюць. І калі яны пойдуць нам насустрач па многіх пытаннях, якія мы ім прапануем, яны будуць мець пэўны (і немалы) эфект”, — заявіў беларускі кіраўнік.

„Самае галоўнае для нас, праз Латвію мы можам забяспечыць бесперашкодны нармальны выхад да мора з выгадай для сябе. І ў гэтым кірунку мы павінны працаваць”, — сказаў Лукашэнка.

belapan.by