Беларусь і Польшча маюць дамоўленасць пра пастаўкі нафты



Беларусь і Польшча пачынаюць супрацоўніцтва ў сферы энергетыкі, ёсць дамоўленасці пра пастаўкі ў Беларусь нафты. Пра гэта паведаміў пасол Польшчы ў Беларусі Артур Міхальскі 3 траўня ў праграме „Галоўны эфір” на тэлеканале „Беларусь 1” з нагоды гадавіны прыняцця Канстытуцыі Рэчы Паспалітай (3 траўня 1791 года).

„У гэтым вельмі дапамагае актыўны палітычны дыялог паміж нашымі дзяржавамі, — дадаў дыпламат. — Мы разумеем патрэбу Беларусі ў дыверсіфікацыі крыніц энергіі, мы даўно гэта зрабілі. Мы ведаем, што Беларусь размаўляе з многімі краінамі, балтыйскімі і Польшчай, наконт магчымых транзітных шляхоў. У палітычным плане Польшча мае вельмі добразычлівыя адносіны да гэтага пытання, і Польшча хацела б быць часткай гэтага жадання Беларусі дыверсіфікаваць крыніцы энергіі”.

Паводле слоў Міхальскага, цікавасць дзелавых колаў Польшчы да Беларусі расце — за апошні год у Беларусь прыехала шмат польскіх бізнесменаў. „Мы звязаныя каранямі ў розных галінах і розных вымярэннях. Мы шмат робім, што спрыяе народнай дыпламатыі. Мы ўсведамляем, што наша суседства — важнае, гэта не пагроза, а шанец”, — падкрэсліў пасол.

Польскіх інвестараў, паводле яго слоў, прыцягваюць розныя галіны беларускай эканомікі — мэблевая індустрыя, аграрная сфера, IT-сектар.

Міхальскі зазначыў станоўчую дынаміку ў эканамічным супрацоўніцтве дзвюх краін. „У нас больш за тры мільярды долараў тавараабароту кожны год. Мы ў добрым становішчы, бо польскія інвестары шукаюць рынкі. Суседні рынак — гэта, па-першае, вельмі зручна, людзі вельмі добра разумеюць адзін аднаго, паколькі нашы мовы — беларуская і польская — падобныя адна на адну”, — сказаў пасол Польшчы.

belapan.by