Беларусь і Польшча маюць намер фінансаваць 11 сумесных праектаў
Беларусь і Польшча ўзгаднілі пералік з 11 сумесных праектаў у сферы электронікі, інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій, новых матэрыялаў, машынабудавання і аграпрамысловых тэхналогій, фінансаванне якіх будуць ажыццяўляць абедзве краіны. Пра гэта паведаміў старшыня Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях (ДКНТ) Аляксандр Шумілін на пасяджэнні міжурадавай беларуска-польскай камісіі па супрацы ў галіне навукі і тэхналогій, што праходзіць пасля пяцігадовага перапынку ў Варшаве.
Паводле слоў Шуміліна, праекты адабраныя ў межах конкурсу сумесных беларуска-польскіх навукова-тэхнічных праектаў. „Паміж нашымі краінамі ў навукова-тэхнічнай сферы заключана больш за 50 пагадненняў і мемарандумаў. Гэта стварае трывалую нарматыўна-прававую і дагаворную базу для ўзаемадзеяння і спрыяе развіццю шырокіх кантактаў, у тым ліку і на ўзроўні беларускіх і польскіх універсітэтаў”, — цытуе старшыню ДКНТ прэс-служба камітэта.
Шумілін адзначыў, што на пасяджэнні плануецца разгледзець пытанні развіцця навукова-тэхнічнай і інавацыйнай сферы, абмеркаваць перспектыўныя напрамкі навукова-тэхнічнай і інавацыйнай дзейнасці. Паводле вынікаў пасяджэння бакі маюць намер падпісаць пратакол і выканаўчую праграму беларуска-польскага навукова-тэхнічнага супрацоўніцтва на 2018—2019 гады. Таксама запланаванае падпісанне пагаднення аб навуковым супрацоўніцтве паміж НДУ „Інстытут ядзерных праблем” БДУ і польскім сінхратронам”Салярыс”, кантракта паміж Беларускім дзяржаўным тэхналагічным універсітэтам і Інстытутам аховы навакольнага асяроддзя Польшчы, пагаднення паміж Беларускім нацыянальным тэхнічным універсітэтам і Люблінскім тэхнічным універсітэтам па рэалізацыі супрацоўніцтва.
Паводле інфармацыі камітэта, двухбаковае навукова-тэхнічнае супрацоўніцтва ажыццяўляецца ў адпаведнасці з дамовай паміж урадамі Беларусі і Польшчы аб супрацы ў галіне навукі і тэхналогій, якая была падпісана 18 лістапада 1992 года. Польшча на сёння з’яўляецца шостым знешнеэканамічным партнёрам Беларусі па аб’ёме гандлю і сёмым — па аб’ёме інвестыцый у беларускую эканоміку. У Беларусі зарэгістраваныя больш за 350 прадпрыемстваў з удзелам польскага капіталу, з іх больш за 200 — сумесныя прадпрыемствы.