Беларусь і Польшча правядуць перамовы наконт дазволаў на грузаперавозкі
Беларусь і Польшча ў сакавіку правядуць перамовы наконт дазволаў на грузаперавозкі. Такое рашэнне прынята ў час сустрэчы міністра транспарту і камунікацый Беларусі Аляксея Аўраменкі з міністрам інфраструктуры Польшчы Анджэем Адамчыкам, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Мінтранса.
Бакі разгледзелі пытанне выдзялення дазволаў на міжнародныя перавозкі аўтамабільным транспартам. «У ходзе бурных абмеркаванняў пытання дазвольнай сістэмы прынята рашэнне аб правядзенні ў сакавіку бягучага года пасяджэння змешанай камісіі на ўзроўні намеснікаў міністраў, дзе будуць прыняты канчатковыя рашэнні», – адзначылі ў прэс-службе.
Таксама абмяркоўвалася будаўніцтва новага чыгуначнага моста цераз Заходні Буг на чыгуначным участку пагранічнага пераходу Берасце-Цярэспаль. Польскі бок праінфармаваў пра магчымасці фінансавання будаўніцтва са сродкаў фондаў Еўрапейскага звязу. Беларускі бок падтрымаў схему фінансавання і праінфармаваў, што гэта пытанне неабходна разгледзець у час запланаванай рабочай сустрэчы кіраўнікоў чыгуначных ведамстваў у бліжэйшы час.
У парадку дня было і аднаўленне грузавых зносін праз беларуска-польскі чыгуначны пагранічны пераход Высока-Літоўск/Чаромха. У бліжэйшы час гэта пытанне будзе вынесена на ўзровень прэм’ер-міністра Польшчы.
Акрамя таго, разглядалася пытанне рэалізацыі міжурадавага пагаднення наконт будаўніцтва аўтадарожнага моста цераз Заходні Буг на пагранічным аўтадарожным пераходзе Дамачава-Славацічы. Бакі дамовіліся правесці рабочую сустрэчу ў сакавіку і абмеркаваць усе тэхнічныя рашэнні. Адзначана неабходнасць сумеснага аналізу стану інфраструктуры на беларуска-польскай граніцы для вызначэння далейшых планаў супрацоўніцтва.
Аляксей Аўраменка ў час візіту ў Польшчу таксама абмеркаваў з міністрам транспарту і камунікацый Літвы Яраславам Наркевічам актуальныя пытанні двухбаковага супрацоўніцтва ў транспартнай сферы. Бакі дамовіліся правесці рабочую сустрэчу ў Вільні ў бліжэйшы час.
Акрамя таго, міністр выступіў на канферэнцыі «Еўропа Карпат» на секцыі «Павелічэнне доступу на тэрыторыі Трыморʼя – пераадоленне інфраструктурных перашкод». Ён адзначыў, што сёння развіццё таварных і турыстычных рынкаў ставіць перад транспартнікамі свету новыя задачы па павышэнні якасці паслуг і зніжэнні затрат на перамяшчэнне таварнай прадукцыі. Для вырашэння гэтых задач Беларусь актыўна ўзаемадзейнічае з многімі краінамі і іх супольнасцямі, напрыклад, удзельнічае ў праграмах трансгранічнага супрацоўніцтва «Польшча-Беларусь-Украіна» і «Латвія-Літва-Беларусь» і дыскусіях у рабочых групах «Усходняга партнёрства».