Беларусь і Расея абмяркуюць пытанні паставак беларускай сельгаспрадукцыі



24 красавіка краіны-суседкі абмяркуюць пытанні паставак беларускай сельгаспрадукцыі. „Сёння адбудзецца нарада ў форме відэаканферэнцыі. Бакі працягнуць абмяркоўваць пытанні ўзгаднення балансаў па пастаўках малака і малочнай прадукцыі і іншыя”, — паведамілі БелаПАН у прэс-службе Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі.

Падыходы па ўзгадненні балансаў попыту на малако і малочныя прадукты і іх прапановы абмяркоўваліся 20 красавіка ў Маскве на перамовах, якія правёў першы намеснік міністра сельскай гаспадаркі Расеі Джамбулат Хатуаў з дэлегацыяй Беларусі на чале з міністрам сельскай гаспадаркі і харчавання Леанідам Зайцам.

„Нашы падыходы ў гэтай частцы павінны быць ідэнтычныя, каб забяспечыць эканамічныя інтарэсы вытворцаў і перапрацоўшчыкаў малака. Мы дамовіліся, што больш дэталёва і глыбока разгледзім пэўныя моманты, якія тычацца эканамічнай эфектыўнасці беларускага рынку, расейскага рынку, забяспечым парытэтную рэалізацыю нашай прадукцыі на расейскім рынку”, — заявіў Заяц у эфіры тэлеканала „Беларусь 1”.

„Вельмі прыемна, што і эксперты, і аналітыкі, якія сёння рыхтавалі даклады, аднагалосныя ў тым, што ініцыятыва расейскага боку па нашым сумесным расейскім рынку павінна задавальняць і расейскіх вытворцаў, і нашых беларускіх калегаў — так званы баланс сумесных паставак. І зусім новы, які раней не існаваў, механізм кантролю, прапанаваны расейскім бокам, будзе падтрыманы нашымі беларускімі калегамі. Як следства, гэта будзе вельмі дабратворна ўплываць на стабілізацыю санкцыйных паставак, наяўнасць якіх падрывае рэпутацыю сельгасвытворцаў дзвюх краін”, — пракаментаваў перамовы Хатуаў.

Мінсельгас Расеі лічыць неабходным захаванне ўзгодненых аб’ёмаў паставак. У працэсе перамоў абмяркоўваліся аб’ёмы неабходнага імпарту малочнай прадукцыі.

Акрамя таго, бакі прааналізавалі пытанне стварэння адзінага беларускага пастаўшчыка, праз якога будуць ажыццяўляцца ўсе пастаўкі сухога малака з Беларусі на тэрыторыю Расеі па ўсталяванай цане. Агаворваліся таксама меры ўзмацнення кантролю пры пастаўках у Расею малочнай прадукцыі з краін ЕАЭС і барацьбы з няякаснай прадукцыяй і фальсіфікатам.

БелаПАН