Беларусь і Расея абмяркуюць стварэнне адзінага рынку нафты і газу



У канцы чэрвеня пройдуць перамовы па стварэнні адзінага рынку нафты і газу Беларусі і Расеі. Пра гэта заявіў віцэ-прэм’ер Расеі Аркадзь Дварковіч.

Пытанне паставак нафты для беларускіх НПЗ (гэта 24 мільёны тон штогод) урэгуляванае на бліжэйшыя тры гады. Адкрытай пакуль застаецца толькі газавая тэма. Але і яна, лічыць расейскі віцэ-прэм’ер, будзе знятая ў бліжэйшы час.

Зараз бакі ўзгадняюць агульныя падыходы для стварэння адзінага рынку на тэрмін да 2025 года, піша БелаПАН са спасылкай на АНТ.

«У нас усё дамоўленасці па гэтым, наступным і 2019 годзе дасягнуты. І пастаўлена задача да канца года ўзгадніць і зацвердзіць прынцыпы будучай супрацы, каб ужо і на перыяд да 2025 года. Цяпер гэтыя кансультацыі ідуць. Усё ў парадку, мы ў графіку. Усё зробім», – заявіў Дварковіч.