Беларусь і Расея ўзгаднілі павышэнне тарыфу на транспарціроўку нафты



 Беларусь і Расея ўзгаднілі павышэнне тарыфу на транспарціроўку нафты на 3,7% з 1 верасня.

„У сувязі са зніжэннем аб’ёмаў транзіту расейскай нафты па нафтаправодзе „Дружба” ў II квартале беларускі аператар трубаправода ААТ „Гомельтранснафта Дружба” звярнуўся да тарыфных рэгулятараў за пазапланавым пераглядам тарыфаў на прапампоўку нафты”, — паведамляе са спасылкай на канцэрн „Белнафтахім” сайт пасольства Беларусі ў Расеі.

Адзначаецца, што падчас перамоў 6 жніўня бакі „дасягнулі прынцыповых дамоўленасцяў аб неабходнасці забеспячэння ААТ „Гомельтранснафта Дружба” аб’ёмаў выручкі ў памерах, якія прагназаваліся на 2019 год.

„Сёння ні расейскі, ні беларускі бок не могуць адназначна вызначыць аб’ёмы транспарціроўкі нафты ў IV квартале 2019 года, таму мы дамовіліся на першым этапе павысіць тарыфы на 3,7% і вярнуцца да гэтага пытання па выніках працы за год. Такім чынам, па выніках працы ў 2019 годзе будзе праведзены аналіз сітуацыі з прапампоўкай нафты па беларускай частцы трубаправода і вызначаны памер далейшага змянення тарыфаў”, — пракаментавалі ў канцэрне памер павышэння тарыфаў.

Нагадаем, у красавіку канцэрн „Белнафтахім” выявіў у расейскай нафце павышанае ўтрыманне дыхлорэтану і, каб пазбегнуць аварыі на НПЗ, знізіў перапрацоўку і экспарт нафтапрадуктаў. Пасля таго як прымаць няякасную сыравіну адмовіліся замежныя спажыўцы, транзіт па „Дружбе” быў цалкам спынены, цяпер пастаўкі адноўленыя.

У траўні Аляксандр Лукашэнка заяўляў, што з-за паставак няякаснай нафты Беларусь страціла „велізарныя грошы” — сотні мільёнаў долараў. Паводле ацэнкі беларускіх спецыялістаў, недаатрыманая выручка ад рэалізацыі нафтапрадуктаў у красавіку склала 108 млн даляраў, а ўрон ад пашкоджанага абсталявання Мазырскага НПЗ — прыкладна 30 млн даляраў.

Ацэнкай шкоды ад аварыі на „Дружбе” займаецца рабочая група, створаная Беларуссю і Расеяй.

ААТ „Гомельтранснафта Дружба” для кампенсацыі страт, выкліканых зніжэннем аб’ёмаў транспарціроўкі нафты з-за яе забруджвання, прапаноўвала расійскім калегам два варыянты. Першы прадугледжваў давесці аб’ёмы транспарціроўкі да канца 2019 года да 59 млн тон, як і было запланавана раней у адпаведнасці з дамовай. Другі прадугледжваў „павелічэнне тарыфаў на транспарціроўку, зыходзячы з колькасці недапрапампаванай нафты”. Раней беларускі бок паведаміў „Транснефці” аб жаданні павысіць з 1 жніўня 2019 года тарыфы на транспарціроўку нафты на 21,7% для кампенсацыі выдаткаў з-за сітуацыі з забруджанай сыравінай у магістральным нафтаправодзе „Дружба”.

belapan.by