Беларусь і Расея вядуць перамовы аб далейшых пастаўках нафты
Зараз вядуцца перамовы з Расеяй аб далейшых пастаўках нафты, паведаміў 15 жніўня журналістам у Менску першы намеснік прэм`ер-міністра Беларусі Васіль Мацюшэўскі.
„Перамовы ідуць на ўзроўні віцэ-прэм`ераў, якія курыруюць гэтую тэму. Дастаткова глыбокія перамовы. Я думаю, найбліжэйшым часам мы да грамадскасці давядзем, пра што мы дамовіліся з расейскім бокам”, — сказаў першы віцэ-прэм`ер, каментуючы інфармацыю ў СМІ аб намеры расейскага боку абмежаваць пастаўкі ў Беларусь вуглевадародаў.
Мацюшэўскі падкрэсліў, што „няма ніякай пагрозы” працягу паставак нафты і нафтапрадуктаў. „Ёсць падпісанае пагадненне, якое выконваецца бакамі. І адпаведныя віцэ-прэм`еры — Сямашка і Козак (Уладзімір Сямашка, намеснік прэм`ер-міністра Беларусі; Дзмітрый Козак, намеснік старшыні ўрада РФ. — БелаПАН.) — знойдуць рашэнне ўсіх няпростых пытанняў”, — заявіў Мацюшэўскі.
10 жніўня агенцтва Рэйтэр са спасылкай на наяўныя ў яго распараджэнні копіі дакументаў „Белнафтахіма” паведаміла аб планах Расеі абмежаваць бяспошлінныя пастаўкі нафтапрадуктаў і звадкаванага газу ў Беларусь з чацвёртага квартала 2018 года з-за страт свайго бюджэту.
„Расейскі бок ініцыяваў спыненне практыкі бесперашкоднага вывазу з Расейскай Федэрацыі ў Рэспубліку Беларусь нафтапрадуктаў.., матывуючы гэта стратамі расійскага бюджэту ва ўмовах павелічэння аб`ёму іх вывазу”, — гаворыцца ў тлумачальнай запісцы да пратакола зменаў міжурадавага пагаднення намесніка старшыні канцэрна „Белнафтахім” Андрэя Рыбакова, копіяй якой валодае Рэйтэр.
З-за гэтай прычыны „часова заблакаванае пералічэнне Беларусі двух траншаў крэдытнай лініі ЕФСР (Еўразійскай фонду стабілізацыі і развіцця), у ліпені 2018 года прыпыненая выплата па так званым механізме ператаможкі, а таксама прыпыненая праца па даванні у 2019 годзе Беларусі дзяржкрэдыту да 1 мільярда долараў”.
У дакуменце таксама адзначаецца, што Расея чакае кампенсацыі за пастаўленыя раней у Беларусь нафтапрадукты. „Аднаўленне далейшага супрацоўніцтва… расійскі бок увязвае з вырашэннем пытання па ўсталяванні забароны на вываз нафтапрадуктаў з РФ у Рэспубліку Беларусь і кампенсацыі страт расійскага бюджэту за раней вывезеныя нафтапрадукты”, — гаворыцца ў запісцы Рыбакова.
Праграму атрымання крэдыту на 2 млрд долараў ад Еўразійскага фонду стабілізацыі і развіцця беларускія ўлады падпісалі вясной 2016 года. Крэдыт павінен быць выдадзены ў 2016—2018 гадах сям`ю траншамі. Беларусь атрымала пяць траншаў на 1,6 млрд долараў. Для атрымання астатніх двух траншаў ўлады павінны рэалізаваць комплекс мер у галіне макраэканамічнай палітыкі. Раней Міністэрства фінансаў Беларусі разлічвала атрымаць апошнія траншы еўразійскага крэдыту на 400 млн долараў у першым квартале 2018 года.
У 2017 годзе Беларусь і Расея дамовіліся аб пастаўках нафты ў аб`ёме 24 млн тон на год. „Да 2018 года ўключна з 24 млн 18 будзе адпраўляцца на перапрацоўку НПЗ нам. Гэта прымальна, выгадна для заводаў. Ну, а 6 млн тон будуць ператаможвацца — такі тэрмін мы ўжылі. Важна, што ўвазныя пошліны ад гэтай ператаможкі будуць паступаць у бюджэт Рэспублікі Беларусь”, — паведаміў раней беларускі віцэ-прэм`ер Уладзімір Сямашка.
Фота sputnik.by