Беларусь і Турцыя правядуць конкурс супольных інавацыйных праектаў
Дзяржаўны камітэт па навуцы і тэхналогіях Беларусі і Міністэрства прамысловасці і тэхналогій Турэцкай Рэспублікі правядуць у першым квартале 2019 года конкурс супольных беларуска-турэцкіх інавацыйных праектаў. Пра гэта ішла гаворка 5 снежня ў Менску на сустрэчы старшыні ДКНТ Аляксандра Шуміліна і пасла Турцыі ў Беларусі Нілваны Дарама.
Як паведаміла прэс-служба ДКНТ, заяўкі па прыярытэтных кірунках супрацы ў сферы нана- і біятэхналогій, фармацыі, медыцынскіх тэхналогій, касмічных даследаванняў, суперкамп’ютараў будуць разглядацца Беларускім інавацыйным фондам і Саветам па навукова-тэхнічных даследаваннях Турцыі.
Бакі дамовіліся таксама актывізаваць двухбаковае супрацоўніцтва па лініі суб’ектаў інавацыйнай структуры, у прыватнасці паміж тэхналагічнымі паркамі Беларусі і турэцкімі навуковымі паркамі.
Пагадненне пра супрацу ў галіне навукі і тэхналогій паміж урадамі Беларусі і Турцыі падпісана ў 2016 годзе (набыло моц 8 чэрвеня 2017 года). У 2017 годзе падпісаны мемарандум аб узаемаразуменні паміж Нацыянальным цэнтрам інтэлектуальнай уласнасці Рэспублікі Беларусь і Турэцкім агенцтвам па патэнтах і таварных знаках і мемарандум аб супрацоўніцтве паміж Беларускім інавацыйным фондам і Саветам навукова-тэхнічных даследаванняў Турцыі.
Першае пасяджэнне сумеснай Беларуска-турэцкай камісіі па супрацоўніцтве ў галіне навукі і тэхналогій адбылося 5 лістапада 2018 года.