Беларусь і Украіна паглыбяць дно Дняпра для перавозкі грузаў



Транспартныя ведамствы Беларусі і Украіны падпісалі дарожную карту правядзення работ па паглыбленні дна на Дняпры для перавозкі грузаў суднамі класа „рака — мора”. Подпісы пад дакументам паставілі міністр транспарту і камунікацый Беларусі Анатоль Сівак і міністр інфраструктуры Украіны Уладзімір Амялян падчас сустрэчы 5 снежня ў Кіеве.

Як паведамляе пасольства Беларусі ва Украіне, на цырымоніі падпісання прысутнічалі прадстаўнікі Еўракамісіі, Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця, Еўрапейскага інвестыцыйнага банка. Гэтыя структуры выказалі гатоўнасць аказаць фінансавую падтрымку запланаваным работам.

Мяркуецца, што яны будуць праводзіцца на ўчастку ад вёскі Ніжнія Жары (Беларусь) да Кіеўскай ГЭС. Дарожная карта будзе рэалізоўвацца ў рамках міжнароднага праекта па аднаўленні шляху Е40. Дакумент падпісаны ў рамках беларуска-ўкраінскага супрацоўніцтва ў сферы развіцця транспартна-лагістычных калідораў напрамку поўнач — поўдзень з выкарыстаннем унутраных водных шляхоў.

Водная магістраль Е40 — праект суднаходнага маршруту даўжынёй больш за 2.000 кіламетраў. Ён павінен злучыць парты польскага Гданьска і ўкраінскага Херсона па рэках Вісла, Заходні Буг, Прыпяць і Днепр і ўтварыць транспартны шлях паміж Балтыйскім і Чорным морам.

Прадстаўнікі беларускіх экалагічных супольнасцяў успрынялі гэты праект негатыўна. Яны перакананыя, што рэгуляваныя вадаёмы, будаўніцтва якіх прадугледжвае магістраль Е40, цалкам зменяць экасістэму Палесся.

belapan.com