Беларусь істотна падвысіла экспартныя пошліны на нафту



З першага чэрвеня Беларусь падвысіла вывазныя мытныя пошліны на нафту і нафтапрадукты. Пастанова ўрада апублікаваная на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.

Пошліны на сырую нафту, мазут, адпрацаваныя нафтапрадукты, а таксама вазелін, парафін і нафтавы бітум выраслі больш як на 11 працэнтаў і склалі 16,2 даляраў за тону. Таксама на 11 працэнтаў дадалі ў кошце экспартныя пошліны на перагонны бензін – цяпер каля дзевяці даляраў за тону.

Што тычыцца таварных бензінаў, дызельнага паліва і смазачных аліваў, для іх кошт вырас на 10 працэнтаў і склаў 4,8 даляра за тону.

Беларусы сталі больш актыўна браць крэдыты

У красавіку беларусы ўзялі ў доўг у банкаў амаль мільярд рублёў. Такі вялікі аб’ём крэдытавання фізічных асоб трымаецца ўжо другі месяц. І гэта адчувальна больш, чым беларусы пазычылі ў банкаў год таму. Гэта заўважыў Reform.by пасля аналізу статыстыкі Нацбанка. Аб’ём крэдытавання фізічных асоб у гэтым красавіку ў параўнанні з красавіком мінулага года вырас амаль на 74 працэнты.

Каля мільярда крэдытаў набралі беларусы і ў сакавіку. А ўсяго за чатыры месяцы фізасобы ўзялі ў банках 3,64 млрд рублёў крэдытаў. І гэта таксама больш чым у мінулым годзе — на 37,9% (па выніках студзеня-красавіка).

Асноўная доля крэдытаў — гэта спажывецкія крэдыты.

У Беларусі ўпершыню замянілі апору ЛЭП, не выключаючы святла

На працягу дзвюх гадзін у Менскім раёне энергетыкі мянялі апору лініі электраперадач, і ўвесь гэты час святло ў вёсцы Зарэчча не адключалі. Як паведамляе прэс-служба Мінэнерга, замену апоры на ЛЭП 10кВ пад напружаннем праводзілі ў Беларусі ўпершыню.

“Выкананне такіх тэхналагічных аперацый накіравана на мінімізацыю адключэнняў пры планавых і аварыйна-аднаўленчых работах для якаснага і надзейнага электразабеспячэння спажыўцоў”, — гаворыцца ў паведамленні Мінэнерга.

Польскі ўрад перад выбарамі “сыпле” грашыма

Праграма “800 плюс” будзе прынятая да перыяду выбараў – заявіла ў чацвер падчас канферэнцыі міністр сям’і і сацыяльнай палітыкі Марлена Маланг.

“Сёння мы пачынаем заканадаўчы шлях. Праграма будзе прынята да выбарчага перыяду. Мы стараемся захаваць праграму ў тым выглядзе, у якім яна была дагэтуль”, – растлумачыла Марлена Маланг, дадаўшы, што гэта будзе ўніверсальная праграма для кожнага дзіцяці да 18 гадоў.

Праграма “800 плюс” мае замяніць цяперашнюю праграму “500 плюс”, калі кожная сям’я атрымлівае на дзіця да 18 гадоў дадаткова 500 злотых у месяц, адпаведна пасля прыняцца новай праграмы, гэта будзе 800 злотых.

Беларускае Радыё Рацыя.

Фота: Reuters.