Беларусь лідзіруе па дэвальвацыі грошай



Па абясцэньванні нацвалюты да амерыканскага даляра за час пасля распаду СССР Беларусь застаецца лідарам сярод былых савецкіх рэспублік, сведчыць праведзены БелаПАН аналіз афіцыйных курсаў даляра ЗША на 31 снежня 2017 без уліку грашовых рэформ.

У першай пяцёрцы Беларусь — 197.270.000, Туркменістан — 8.750.000, Узбекістан — 8.120.070, Украіна — 2.806.722 і Грузія — 2.592.200.

Далей ідуць: Таджыкістан — 881,900, Казахстан — 166,165, Арменія — 96,820, Азербайджан — 85,005, Расея — 57,600, Малдова — 17,100, Кыргызстан — 13,768.

У канцы спіса дзяржавы Балтыі: Літва — 287,9, Эстонія — 130,5 і Латвія — 117,2.

Беларуская валюта абясцэнілася ў дачыненні да амерыканскага даляра ў 22,6 разу больш, чым валюта Туркменістана, у 24,3 разу — Узбекістана, 70,3 разу — Украіны, у 76,1 разу — Грузіі, у 223,7 разу — Таджыкістана, у 1.187 разоў — Казахстана, у 2.038 разоў — Арменіі, у 2.321 раз — Азербайджана, у 3.425 разоў — Расеі, у 11.536 разоў — Малдовы, у 14.328 разоў — Кыргызстана, у 685.203 разы — Літвы, у 1.512.111 разоў — Эстоніі і ў 1.683.191 раз больш, чым валюта Латвіі.

Гістарычны максімум афіцыйнага курсу долара ў Беларусі без уліку ўсіх трох дэнамінацый (1994, 2000 і 2016 гадоў) складае 220.690.000 рублёў (11 лютага 2016 года).

Неабходна адзначыць, што ў Прыднястроўі — непрызнаным утварэнні з афіцыйна не прызнанай грашовай адзінкай — курс долара без уліку дэнамінацый 1994 (у тысячу разоў) і 2001 гадоў (у мільён) складае 15.500.000.000 рублёў, або ў 78,6 разу больш, чым у Беларусі.

belapan.com