Беларусь лідзіруе ў СНД па росце беспрацоўя
Тэмпы росту афіцыйнага беспрацоўя ў Беларусі за апошні год сталі самымі высокімі ў СНД, а дапамога па беспрацоўі — самай нізкай.
Пра гэта сведчаць звесткі Статкамітэта СНД, прыведзеныя ў дакладзе аб сацыяльна-эканамічным становішчы краін Садружнасці за першы квартал 2016 года.
Звесткі па большасці краін прыводзяцца на 1 красавіка 2016 года.
Як вынікае з дакладу, за апошнія 12 месяцаў у Беларусі колькасць беспрацоўных павялічылася на 37,1%, у Казахстане — на 23%, у Малдове — на 22,8%, у Арменіі — на 11,5%, у Азербайджане — на 11%, у Расеі — на 6%.
Зніжэнне колькасці беспрацоўных адбылося ва Украіне (на 7,7%), Кыргызстане (на 2,1%) і ў Таджыкістане (на 0,6%).
Статкамітэт СНД таксама параўноўвае памеры дапамог, якія выплачваюцца беспрацоўным у краінах СНД. У Азербайджане яна складае ў эквіваленце 162 долары ЗША за месяц, у Малдове — 69 долараў, ва Украіне — 59 долараў. У Беларусі ж сярэдні памер дапамогі па беспрацоўі складае 261,3 тыс. рублёў, або 13 долараў у эквіваленце.
Памер дапамогі па беспрацоўі ў Беларусі складае менш за 20% бюджэту пражытковага мінімуму.
Паводле БелапАН
Фота krsk.sibnovosti.ru