“Беларусь мае адзін з найгоршых прагнозаў эканомікі…”



Дарадца Святланы Ціханоўскай па эканамічных рэформах Алесь Аляхновіч расказаў пра штогадовыя вясновыя нарады Сусветнага банка і Міжнароднага валютнага фонда ў Вашынгтоне, у якіх ён удзельнічаў.

Форум сабраў міністраў фінансаў, кіраўнікоў нацыянальных банкаў, буйных фінансавых кампаній. Міністры найбуйнейшых эканомік свету чарговы раз паабяцалі падтрымку Украіне. Агулам за апошні час Украіне паабяцалі дапамогу на 115 млрд даляраў на найбліжэйшыя чатыры гады, то-бок не толькі на вайну, але і на адбудову краіны. Аляхновіч лічыць гэта сведчаннем таго, што і Беларусь не застанецца без падтрымкі, калі стане дэмакратычнай.

Пакуль жа Беларусь, паводле прагнозаў МВФ на найбліжэйшыя пяць гадоў, мае сумныя перспектывы ў свеце — яна займае чацвёрты вынік сярод найгоршых прагнозаў. МВФ прагназуе, што з 2020 па 2028 год беларуская эканоміка вырасце менш як на два працэнты.

У Маскве адкрылі першую краму Swed House

У Маскве 15 красавіка адкрылі першую беларускую краму Swed House, якую называюць аналагам IKEA. Пра гэта паведаміла ТАСС. Крама, як і анансавалі раней, з’явілася ў гандлёва-забаўляльным цэнтры “Шчолкаўскі” ў Маскве. На гандлёвай плошчы 330 кв. метраў прадаюць тавары для кухні, тэкстыль і мэблевыя аксесуары. Посуд і сталовыя прыборы вырабляюць на фабрыках, якія раней супрацоўнічалі з IKEA. Тэкстыль для Swed House вырабляюць у краінах СНД, дзе таксама шмат гадоў выпускалі прадукцыю для шведскага брэнда. Усяго ў Расеі збіраюцца адкрыць 50 такіх аб’ектаў.

У Беларусі ў Swed House ёсць салон у сталічным ГЦ Diamond, а таксама ў Наваполацку ў ГЦ “Задыяк”. Таксама да канца красавіка крамы брэнда маюць з’явіцца ў мінскім ГЗЦ Expobel і магілёўскім ГЦ “Парк Сіці”.

КДК затрымаў службовых асоб пяці кампаній, якія займаліся пастаўкамі лекаў і медабсталявання 

Камітэт дзяржкантролю заявіў, што затрымаў службовых асоб пяці прыватных кампаній, якія пастаўлялі медыцынскія і фармацэўтычныя тавары ва ўстановы аховы здароўя. Колькасць затрыманых і назвы кампаній пакуль не паведамляюцца.

Паводле КДК, работнікі прыватных кампаній дамаўляліся з замежнымі вытворцамі тавараў аб іх пастаўцы на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь на адрас беларускіх суб’ектаў гаспадарання праз фальшывых пасярэднікаў. Дакументальна пастаўка афармлялася праз падкантрольныя замежныя арганізацыі. Тыя ў сваю чаргу, павялічваючы цану на тавары па асобных пазіцыях у 4-5 разоў, рэалізоўвалі яе беларускім кампаніям. У выніку розніца ў цэнах асядала на рахунках замежных фірмаў-пасярэднікаў, падкантрольных беларускім кампаніям. Прычыненая дзяржаве шкода ў выглядзе нявыплачаных падаткаў склала больш за 8,9 млн. руб, паведамляе КДК.

Беларускае Радыё Рацыя.

Фота мае ілюстрацыйны характар