Беларусь мае намер экспартаваць праз Расею мінімум 1,8 млн тон нафтапрадуктаў



Беларускі бок плануе экспартаваць мінімум 1,8 млн тон нафтапрадуктаў праз расейскія парты ў 2021 годзе, паведаміў міністр транспарту Расеі Віталь Савельеў, выступаючы 5 красавіка на аператыўнай нарадзе ва ўрадзе.

Як паведамляе прэс-служба расейскага ўрада, падчас аператыўнай нарады прэм’ер-міністр Расеі Міхаіл Мішусцін нагадаў, што ў сакавіку пачаліся экспартныя пастаўкі беларускіх нафтапрадуктаў праз расейскія парты.

„Месяц таму ў гэтым кірунку пачалася актыўная праца. Праз нашы марскія парты ўжо адгружана больш за 220 тыс. тон. Гэта амаль на чвэрць перавышае запланаваныя аб’ёмы. Па прагнозах, у красавіку таксама чакаецца значнае перавышэнне планавых паказчыкаў — як мінімум на 100 тыс. тон”, — сказаў Мішусцін.

Такім чынам, дадаў ён, з удзелам Беларусі і Расеі „створаны новы міжнародны транспартны калідор” для экспарту беларускіх тавараў.

У сваю чаргу Савельеў адзначыў, што цяпер расейскі бок не толькі займаецца перавалкай беларускіх нафтапрадуктаў, але і „абмяркоўвае з беларускімі калегамі магчымасць пераадрасацыі больш шырокага спектру экспартных грузаў праз расейскія парты”.

Закранаючы перавалкі беларускіх нафтапрадуктаў, ён дадаў, што „мінімальны гарантаваны аб’ём, пазначаны беларускім бокам на 2021 год, складае каля 1,8 млн тон”.

„Па выніках сакавіка для перавалкі праз тэрмінал марскога порта Усць-Луга было дастаўлена амаль 111 тыс. тон бензіну пры планаванай пагадненнем норме 86 тыс. тон. У Пецярбургскі нафтавы тэрмінал было накіравана для перавалкі 96,6 тыс. тон мазуту замест першапачаткова планаваных 90 тыс. тон. Акрамя таго, на тэрмінал у Усць-Лузе паспяхова дастаўлена 14,6 тыс. тон газойлю”, — сказаў Савельеў.

Ён звярнуў увагу, што на перавалцы і перавозцы беларускіх нафтапрадуктаў зарабляюць і расейскія кампаніі. „Даходы расейскіх кампаній ад экспарту транспартных паслуг у перавозцы і перавалцы беларускіх нафтапрадуктаў у сакавіку склалі каля 348 млн расейскіх рублёў. У тым ліку на чыгуначным транспарце 142 млн рублёў, для тэрміналаў марскіх партоў— 206 млн рублёў”, — удакладніў Савельеў.

Паводле яго слоў, беларускія НПЗ праз расейскія парты плануюць экспартаваць каля 280 тыс. тон нафтапрадуктаў, у маі—чэрвені — 360 тыс. тон нафтапрадуктаў.

Раней Аляксандр Лукашэнка даручыў з-за пагаршэння палітычных адносін з краінамі Балтыі знайсці іншыя маршруты для паставак беларускіх нафтапрадуктаў на знешнія рынкі.

„Вядома, нам трошкі будзе нявыгадна. Але мы ж дамовіцца можам з расіянамі па тарыфах, і яны ад аб’ёмаў перавалкі нашых мільёнаў тон грузаў усё роўна атрымаюць выгаду”, — заявіў Лукашэнка ў верасні мінулага года.

У снежні даччынае прадпрыемства Беларускай нафтавай кампаніі BNK (UK) Limited паведаміла аб часовым прыпыненні экспарту нафтапрадуктаў праз літоўскі порт Клайпеда.

У лютым гэтага года кампанія Klaipedos nafta інфармавала, што грузы з беларускай нафтай і нафтапрадуктамі не выстаўленыя на экспарт праз літоўскія нафтавыя тэрміналы.

БелаПАН