Беларусь можа атрымаць ад Кітая крэдыт у 1 млрд даляраў



Кітай разгледзіць магчымасць выдзялення крэдыту ў 1 млрд долараў ЗША для завяршэння мадэрнізацыі беларускіх нафтаперапрацоўчых заводаў, заявіў старшыня КНР Сі Цзіньпін 16 мая ў Пекіне на сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам, паведамляе прэс-служба беларускага прэзідэнта.

 

Ён адзначыў, што Кітай мае магчымасць аказаць такога кшталту садзеянне Беларусі, і даручыў кіраўнікам профільных ведамстваў сваёй краіны прапрацаваць гэтае пытанне.

Паводле інфармацыі канцэрна „Белнафтахім”, за апошнія дзесяць гадоў, з 2006 па 2016 год, у мадэрнізацыю беларускіх нафтахімічных прадпрыемстваў было ўкладзена больш за 16 млрд долараў.

У лютым гэтага года па рашэнні кіраўніцтва „Белнафтахіма” генеральны дырэктар „Нафтана” Уладзімір Траццякоў быў адпраўлены ў адстаўку за зацягванне тэрмінаў мадэрнізацыі завода, якая павінна дазволіць прадпрыемству працаваць прыбыткова нават у выпадку павелічэння ўваходных цэн на нафту.

У красавіку новы кіраўнік „Нафтана” Аляксандр Дзямідаў заявіў, што прадпрыемства ў перспектыве павінна быць гатова працаваць ва ўмовах рынкавых коштаў на нафту. Для вырашэння гэтай задачы, паводле яго слоў, трэба будзе ў самыя кароткія тэрміны завяршыць праекты мадэрнізацыі „Нафтана” і павялічыць глыбіню перапрацоўкі сыравіны да 90%. Ён перакананы, што гэта дазволіць, у прыватнасці, пачаць разлічвацца па крэдытах, узятых на мадэрнізацыю.