Беларусь можа атрымаць ад Расеі крэдытаў яшчэ на $1 млрд



Беларусь можа атрымаць ад Расеі крэдытаў яшчэ прыкладна на 1 млрд даляраў, паведаміў у інтэрв’ю праграме „Контуры” тэлеканала ОНТ, паказаным вечарам 9 красавіка, віцэ-прэм’ер Уладзімір Сямашка, каментуючы вынікі сустрэчы 3 красавіка ў Санкт-Пецярбургу прэзідэнтаў Беларусі і Расеі Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна.

„Таксама было зроблена даручэнне яшчэ дадаткова каля мільярда даляраў крэдытаў таксама на добрых умовах выдзеліць”, — сказаў беларускі віцэ-прэм’ер.

Уладзімір Сямашка паведаміў, што трэці і чацвёрты траншы двухмільярднага крэдыту Еўразійскай фонду стабілізацыі і развіцця па 300 мільёнаў даляраў кожны паступяць у Беларусь на вельмі выгадных умовах. „Добрыя тэрміны, стаўкі нізкія і гэтак далей”, — сказаў ён.

ОНТ нагадвае, што пагадненне аб еўразійскім крэдыце было падпісана ў мінулым годзе. „Тады суму ў 2 млрд даляраў падзялілі на сем траншаў. Два з іх, на 500 мільёнаў і 300, Менск атрымаў. Трэці транш, таксама на 300 мільёнаў, Мінфін Беларусі чакаў у кастрычніку, але… не здарылася. Аднак цяпер, пасля перамоў прэзідэнтаў, крэдытаванне зноў будзе адкрыта”, — гаварылася ў рэпартажы ОНТ.

БелаПАН